ХІ Узвышаўскія чытанні (26.05.2011)

ХІ Узвышаўскія чытанні ў БДАМЛМ

 

26 мая 2011 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся ХІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 85-годдзю з часу заснавання літаратурнага згуртавання “Узвышша”. У чытаннях прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Дзяржаўнай установы адукацыі “Інстытут культуры Беларусі”, газеты “Літаратура і мастацтва”. Прысутнічала таксама дачка паэта-ўзвышэнца Тодара Кляшторнага М. Т. Кляшторная.

Чытанні адкрыла дырэктар БДАМЛМ Г. В. Запартыка. Удзельнікаў чытанняў вітаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь У. І. Адамушка, які падкрэсліў заслугі архіва-музея ў галіне выставачнай дзейнасці, а таксама публікацыі архіўных матэрыялаў і выданні збораў твораў беларускіх пісьменнікаў, асноўным дасягненнем нядаўняга часу назваўшы выхад Збору твораў А. Бабарэкі ў 2-х тамах, падрыхтаванага супрацоўнікамі БДАМЛМ.

Менавіта гэтай падзеі было прысвечана пленарнае пасяджэнне, на якім прагучалі даклады “Збор твораў А. Бабарэкі ў 2-х тамах як этапная з’ява вывучэння беларускай літаратуры 1920 – 1930-х гг.” М. Мушынскага і «“Узвышша” – “уздалле” – “узніжжа”: вобразная сімволіка ўзвышэнскай эстэтычнай канцэпцыі Адама Бабарэкі» В. Жыбуля (аднаго з укладальнікаў Збору твораў). Першая секцыя, на якой выступілі А. Ліс, Дз. Дудзінская, В. Назараў, З. Драздова, А. Каранеўская, А. Сідарэвіч, А. Трафімчык, разглядала пытанні, звязаныя з эпохай “Узвышша” як феноменам культурнага ўздыму на Беларусі (у цэнтры ўвагі – творчасць Л. Калюгі, А. Мрыя, М. Гарэцкага, К. Чорнага, А. Бабарэкі, С. Куляша, А. Зіміёнкі (Дзеркача)). Тэматыка выступленняў другой секцыі выходзіла за храналагічныя рамкі 1920 – 1930-х гг., ахапіўшы не толькі эпоху “Узвышша” (даклады Г. Запартыкі, А. Данільчык, Ц. Чарнякевіча, Н. Сергіенкі і В. Жыбуля), але і ХІХ стагоддзе (даклад Дз. Матвейчыка пра эміграцыйнага публіцыста, мемуарыста і палітыка Л. Зянковіча), і 1950-я гг. (даклад Н. Бахановіч, прысвечаны матывам выгнанніцтва ў творчасці польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання М. Ваньковіча і А. Юрэвіча), і сучасную літаратуру (даклад А. Бязлепкінай “Посткаланіяльны дыскурс у беларускім літаратурным працэсе”).

Удзельнікі чытанняў мелі магчымасць азнаёміцца з выставай “Тварыць узвышша…”, на якой экспанаваліся выданні твораў пісьменнікаў-узвышэнцаў, што захоўваюцца ў фондах бібліятэкі БДАМЛМ: кнігі З. Бядулі, П. Глебкі, У. Дубоўкі, Т. Кляшторнага, К. Крапівы, М. Лужаніна, Я. Пушчы, К. Чорнага (некаторыя – з аўтографамі аўтараў), перыёдыка 1920-х гг., выдадзеныя ўжо ў наш час творы А. Бабарэкі, Л. Калюгі, А. Мрыя.

Праца навуковай канферэнцыі “Узвышаўскія чытанні” заўсёды вылучалася плённымі вынікамі як з боку літаратуразнаўчых, так і архівазнаўчых даследаванняў. Пацвярджэнне гэтага – 5-ы выпуск зборніка «Пра час “Узвышша”», які выйшаў на пачатку чэрвеня гэтага года і ўключае ў сябе матэрыялы трох мінулых (VII, ІХ, Х), Узвышаўскіх чытанняў.