Адкрыццё выставы да 100-годдзя Анатоля Багатырова (25.10.2013)

25 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася выстава "Слаўлю Беларусь!" памяці народнага артыста БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, кампазітара Анатоля Багатырова.

Прэзентацыя выставы адбылася пры ўдзеле вучняў Багатырова, выбітных кампазітараў сучаснасці, народных артыстаў Беларусі Леаніда Захлеўнага і Эдуарда Зарыцкага, музыказнаўцаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі: прафесара Вольгі Дадзіёмавай, дацэнта Алены Лісавай ды іншых.

Цікавай і кранальнай для ўдзельнікаў прэзентацыі была прамова пляменніцы кампазітара, ягонай спадчынніцы, захавальніцы сямейнага архіва Алены Аляксееўны Саламахі. Менавіта яна перадала дакументы Анатоля Багатырова ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Дырэктар архіва-музея Ганна Вячаславаўна Запартыка распавяла пра гісторыю, склад фонду №190 А. В. Багатырова і яго асабліва каштоўныя дакументы.

Вераніка Мусвідас, загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў БДАМЛМ, прадставіла творчую канцэпцыю выставы, што разгарнула свае “музычныя крылы” на 5 стэндаў, названых паводле музычных твораў кампазітара.

Адкрыццё ў БДАМЛМ выставы, прысвечанай Анатолю Багатырову, менавіта ўвосень гэтага года – не выпадковасць. Сёлета мы ўзгадваем адразу некалькі падзей, звязаных з кампазітарам: яго сотыя ўгодкі, 10-годдзе з дня смерці і юбілеі цэлага шэрагу музычных твораў майстра.