Да 115-годдзя опернага спевака Балоціна Ісідара Міхайлавіча

І. Балоцін. 1942-1943 гг. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 75. Л. 3.
Аўтабіяграфічныя нататкі І. Балоціна. Аўтограф. 1957 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 10. Лл. 1, 2.
І. Балоцін у ролі Білі (“Трыльбі” А. Юрасоўскага). 1940 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 3. Л. 1.
І. Балоцін у ролі Герцага (“Рыгалета” Дж. Вердзі). 1956 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 2. Л. 1.
І. Балоцін сярод дэлегатаў Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. 1939-1940 гг. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 75. Л. 1.
Пасведчанне народнага артыста БССР І. Балоціна. 1954 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 24. Л. 5.
Артыкул І. Балоціна аб развіцці опернага і балетнага мастацтва. Машынапіс. 1955, 1959 гг. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 8. Лл. 3, 7.
Спіс дырыжораў і вакалістаў, з кім працаваў І. Балоцін. Аўтограф. 1958 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 11. Лл. 1, 1 адв.
Спіс роляў, якія выканаў І. Балоцін. Машынапіс з праўкамі. 1958 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 11. Лл. 2, 3.
Запіскі гледачоў І. Балоціну. 1947-1957 гг. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 18. Лл. 3, 5, 6, 13, 15, 16, 23, 33, 46.
Водгук Башкірскага тэатра аб гастролях І. Балоціна. Машынапіс, аўтограф. 1955 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 67. Л. 6.
“Жыццё ў музыцы”. Сцэнар радыёперадачы да 50-годдзя І. Балоціна. Машынапіс з рукапіснымі праўкамі. 1957 г. БДАМЛМ. Ф. 102. Воп. 1. Адз. зах. 69. Л. 1.

Ісідар Міхайлавіч Балоцін (сапр. Ізраіль Рувімавіч Балотны, 08.09.1907, Бабруйск – 07.12.1961), беларускі оперны спявак (лірычны тэнар). Валодаў гнуткім выразным голасам, пачуццём музычнага стылю. Майстра пераўвасаблення, сваім вакалам ствараў яскравыя вобразы, валодаў мастацтвам вострахарактарнага сцэнічнага малюнка.

Скончыў Беларускі музычны тэхнікум (1930), Беларускую студыю оперы і балета (1933). Яго выкладчыкам быў А. Баначыч, выдатны рускі оперны спявак, былы саліст імператарскага тэатра, партнёр Ф. Шаляпіна.

З 1933 г. І. М. Балоцін – саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Меў у рэпертуары больш за 60 оперных партый. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нацыянальных операх: Саўка (“У пушчах Палесся” А. Багатырова), Сёмка (“Алеся” Я. Цікоцкага), Конрад (“Кветка шчасця” А. Туранкова). Выканаў лепшыя партыі опернай класікі: Ленскі (“Яўгеній Анегін” П. Чайкоўскага), Дуброўскі (“Дуброўскі” Э. Напраўніка), Герцаг (“Рыгалета” Дж. Вердзі), Дамазы (“Страшны двор” С. Манюшкі; у гэтай партыі выступіў на сцэне Варшаўскай оперы ў 1955 г.), Юродзівы (“Барыс Гадуноў” М. Мусаргскага), Вашак (“Прададзеная нявеста” Б. Сметаны) і інш.

Народны артыст БССР (1944). У гады Вялікай Айчыннай вайны – саліст Свярдлоўскага тэатра, уваходзіў у франтавыя тэатральныя брыгады.

Як канцэртнага выканаўцу І. М. Балоціна ведалі ў многіх гарадах былога СССР. У рэпертуары яго былі оперныя партыі, рамансы, песні. Зала штораз была ў захапленні ад непаўторнага гучання твораў П. Чайкоўскага, Ф. Шуберта, Р. Шумана, І. Дунаеўскага, М. Блантара. Прыхільнікі артыста прыходзілі на яго канцэрты ўжо дзеля таго, каб пачуць, як ён свабодна бярэ “до” трэцяй актавы ў партыі Альфрэда (“Травіята” Дж. Вердзі). Асаблівае месца ў яго канцэртных праграмах займалі беларускія народныя песні і песні беларускіх кампазітараў Р. Пукста, І. Любана і інш.

І. М. Балоціна запрашалі працаваць у Вялікі тэатр у Маскве. Ён падзякаваў і застаўся ў Мінску – служыць беларускаму тэатру оперы і балета, які стаў адзіным для яго на ўсё жыццё.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае сямейны фонд Ісідара Балоціна і яго жонкі балерыны Юліі Хіраска, які змяшчае больш за 130 спраў. Сярод дакументаў І. М. Балоціна: рукапісы, аўтабіяграфічныя запісы, ліставанні, біяграфічныя дакументы, дакументы службовай і грамадскай дзейнасці, фотаздымкі спевака ў ролях, афішы канцэртаў і спяктакляў з яго ўдзелам, праграмы, спіс роляў, артыкулы і нататкі аб творчасці спевака, фота вядомых дзеячаў з дароўнымі надпісамі І.М. Балоціну і інш. дакументы.

Сярод іншага захаваліся запіскі (80) прыхільнікаў артыста. Невялікія кавалачкі паперы з рукапісным тэкстам маюць значны сацыяльна-псіхалагічны змест, насычаны настраёвасцю. Яны выказваюць думкі, пачуцці і густы самых розных людзей з далёкіх адна ад адной геаграфічных кропак былога СССР, перад якімі даводзілася выступаць І. М. Балоціну.