Да 125-годдзя спявачкі Ірмы Яўнзем (1897-1975)
Ірма Пятроўна Яўнзем (1897-1975) – вядомая спявачка, збіральніца народных песен, педагог, народная артыстка РСФСР.
Нарадзілася ў Мінску. Скончыла Мінскую жаночую Марыінскую гімназію (на будынку былой гімназіі па вул. Карла Маркса, 29, устаноўлена мемарыяльная дошка). Вучылася ў Петраградскай кансерваторыі. У 1922 г. вярнулася ў Беларусь. Цяжкае матэрыяльнае становішча вымусіла спявачку хадзіць па вёсках і выменьваць рэчы на ежу. Ходзячы з хаты ў хату, яна слухала і запамінала простыя народныя песні, запісвала іх і потым выконвала на канцэртах. З 1923 г. выкладала спевы і беларускую народную музыку ў Беларускай драматычнай студыі ў Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. А з 1925 г. больш за 30 гадоў была салісткай Маскоўскай дзяржаўнай філармоніі. Выконвала беларускія народныя песні на Міжнароднай музычнай выстаўцы ў Франкфурце-на-Майне ў 1927 г. Упершыню ў савецкай гісторыі спявала народныя песні ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам М. Штэйнберга, які апрацоўваў іх спецыяльна для яе.
У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Яўнзем знаходзілася ў Маскве, выступала ў бальніцах, прызыўных пунктах, разам з франтавымі канцэртнымі брыгадамі выязджала на Волхаўскі фронт і ў блакадны Ленінград.
З 1961 г. і да канца жыцця працавала выкладчыцай ва Усерасійскай творчай майстэрні эстраднага мастацтва і Маскоўскім дзяржаўным вучылішчы імя М. Іпалітава-Іванава.
За творчае жыццё ў рэпертуары І. Яўнзем значыцца больш за 5 тысяч песень на 64 мовах, каля 11 тысяч канцэртаў. Яна выдала некалькі зборнікаў песень, апублікавала звыш 100 артыкулаў у перыядычным друку, прымала ўдзел у многіх перадачах на радыё і тэлебачанні. Яе вучні – гэта дзесяткі народных і заслужаных артыстаў, тых, каму яна ставіла голас і пісала рэпертуары.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд І. Яўнзем (Ф. 434), які налічвае больш за 300 дакументаў: нотныя рукапісы, артыкулы пра народны фальклор і музычныя падзеі, перапіска, калекцыя фатаграфій.