ХІ Архіўныя чытанні (4.10.2013)

4 кастрычніка 2013 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва традыцыйна прайшлі XI Архіўныя чытанні, гэтым разам прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння вядомага паэта Масея Сяднёва (1913 – 2001) і творчай спадчыне пісьменнікаў беларускай эміграцыі. У чытаннях прынялі ўдзел супрацоўнікі БДАМЛМ, пісьменнікі, гісторыкі, літаратуразнаўцы.

З прывітальным словам выступіла першы намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В. Бірукова. На пленарным пасяджэнні выступілі кандыдаты гістарычных навук В. Іванова і Н. Гардзіенка з дакладамі пра дакументы дзеячаў беларускай эміграцыі ў сховішчах ЗША, у тым ліку ў калекцыі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Пра жыццёвы і творчы шлях М. Сяднёва, захаванне яго спадчыны, сустрэчы з самім пісьменнікам распавялі Г. Запартыка, Л. Савік, М. Скобла, Ц. Чарнякевіч, а таксама завочны ўдзельнік чытанняў Л. Юрэвіч, які даслаў з Нью-Ёрка тэкст свайго дакладу. В. Жыбуль засяродзіўся на дакументах дзеячаў беларускай эміграцыі ў архіўным фондзе С. Грахоўскага, а А. Сідарэвіч – на партыйных архівах як крыніцы да біяграфій беларускіх пісьменнікаў. В. Мартысюк прысвяціў даклад беларускамоўным творам В.-К. Сулімы-Савіча-Заблоцкага, А. Фядута – невядомаму лісту Г. Ржавускага С. Шавырову, а А. Данільчык – літаратурнай дзейнасці П. Бузука. Дацэнт БДУ М. Шумейка распавёў пра агульныя праблемы захавання архіваў эміграцыйных дзеячаў і прадставіў даклад “Дзейнасць У. І. Пічэты па захаванні і папаўненні архіўнага фонду Беларусі ў 1920 – 1930-я гг.”. Лірычную хвалю ў ход канферэнцыі ўнёс вядомы паэт А. Вярцінскі, які выступіў перад прысутнымі з вершам і падарыў архіву-музею сваю новую кнігу “Жыцьмем”.

ХІ Архіўныя чытанні засведчылі: вывучэнне і захаванне творчай спадчыны культурных дзеячаў эміграцыі – перспектыўны кірунак сучаснага беларускага архівазнаўства і літаратуразнаўства, які патрабуе свайго далейшага развіцця.