Віртуальная выстава да 120-годдзя мастака Льва Лейтмана і 95-годдзя мастацтвазнаўцы Фрыны Лейтман

Леў Мееравіч Лейтман нарадзіўся 1 (13) сакавіка 1896 г. у мястэчку Петрыкаў Мазырскага павета Мінскай губерні ў сям’і службоўца. Праз нейкі час сям’я пераехала ў г. Гарадок Гродзенскай губерні. Тут прайшло дзяцінства будучага мастака.

У 1916 г. Л. Лейтман закончыў Віцебскую камерцыйную вучэльню, адначасова вучыўся маляванню і жывапісу ў майстэрні мастака Ю. Пэна. У 1917 г. працягнуў мастацкую адукацыю ў студыі прафесара Ю. Бяршадскага і неўзабаве пераехаў да брата ў Петраград, дзе паступіў у Інстытут медыцынскіх ведаў, але перарваў навучанне і вярнуўся ў Гарадок. З 1917 па 1923 г. працаваў там выкладчыкам малявання ў сярэдняй школе, дэкаратарам пры Народным доме імя У. І. Леніна, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва.

З 1923 г. Леў Лейтман працаваў у Віцебску: загадваў працоўным клубам “Чырвоны будаўнік”, з 1931 г. выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1934 г. загадваў навучальнай часткай у гэтым тэхнікуме, а з лютага 1941 г. быў прызначаны яго дырэктарам. Адначасова працягваў навучанне ў майстэрні Ю. Пэна (1923 – 1926), праходзіў курсы па павышэнні кваліфікацыі мастакоў у Ленінградзе ў прафесара С. Абугава (1937). У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў шэрагах Савецкай Арміі ў дарожна-будаўнічым батальёне.

Пасля вайны Л. Лейтман прыехаў у Мінск, браў актыўны ўдзел у арганізацыі Мінскай мастацкай вучэльні, дзе стаў выкладчыкам і загадчыкам навучальнай часткі.

Упершыню выступіўшы ў Мінску на V Усебеларускай выставе (1932) з шэрагам гуашаў, ксілагравюр, лінагравюр, мастак атрымаў прызнанне шырокай грамадскасці. З таго часу Л. Лейтман стаў удзельнікам усіх наступных выставаў беларускага выяўленчага мастацтва ў Мінску і Маскве, усіх усесаюзных выставаў. У ваенныя гады мастак браў удзел у выставах “Вялікая Айчынная вайна”, “Работы маскоўскіх мастакоў у дні Вялікай Айчыннай вайны” (1942), “Выстава 25-годдзя РСЧА” (1943). І ў пасляваенныя гады Л. Лейтман удзельнічаў ува ўсіх рэспубліканскіх і амаль ва ўсіх усесаюзных выставах.

Працаваў Л. Лейтман і ў тэхніцы акварэлі. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу пейзажаў: “Зіма” (1942), “Чырвоныя стрэхі” (1943), “Пейзаж” (1943), “Цішыня” (1945), серыі пейзажаў пра Мінск і яго ваколіцы (1952 – 1957) і інш. Сярод прац Л. Лейтмана вылучаюцца кампазіцыйныя партрэты (“На вахце міру. Найлепшая свідравальніца велазавода Л. А. Дуброўская”, 1950; “Партрэт стаханаўкі-будаўніка М. Кірпічыкавай”, 1951); серыя “Разведчыкі будучыні” (1960); “Людзі калгаснай працы” (1962); “Вартаўнікі Радзімы” (1964); “Па спартыўных мясцінах г. Мінска” (1971).

Заслугі мастака адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі – Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР, медалямі “За оборону Москвы”, “За доблестный труд в Великой Отечественной войне”, “За трудовое отличие”. У 1967 г. Л. Лейтману прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

Памёр мастак 20 верасня 1974 г., пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

 

Фрына (Фрума) Львоўна Лейтман нарадзілася 14 лістапада 1921 г. у г. Гарадок Віцебскай вобласці ў сям'і мастака.

З 1939 па 1946 г. вучылася ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР на факультэце гісторыі і тэорыі мастацтваў у М. Дабраклонскага, А. Чагадаева, Н. Флітнер.

Усё сваё жыццё Ф. Лейтман прысвяціла педагагічнай дзейнасці. З 1947 да 1977 г. выкладала ў Мінскай мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава, з 1951 да 1953 г. – у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Фрына Лейтман апублікавала шэраг артыкулаў і рэцэнзій у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юности”, “Мінская праўда”, часопісах “Беларусь”, “Работніца і сялянка”: “Шлях да стварэння гераічных вобразаў” (1947), “Бліжэй да жыцця” (1948), “Аб адчуванні новага”, “Вобраз роднай прыроды” (1954), “Думкі пра жывапіс” (1956) і інш. Пяру Ф. Лейтман належыць таксама манаграфія пра мастака Уладзіміра Кудрэвіча (1958).

Памерла Фрына Лейтман у 1985 г.