35-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС

26 красавіка 2021 г. спаўняецца 35 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэтая дата мае асаблівае значэнне не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Усе мы ў гэтыя дні ўспамінаем тых, хто спыніў радыяцыйную стыхію і прадухіліў развіццё катастрофы. Тых, хто ахвяраваў сабой, выконваючы свой прафесійны абавязак.

Чарнобыльская катастрофа знайшла адлюстраванне ў шэрагу твораў беларускай культуры і мастацтва. У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва захоўваецца багата творчых дакументаў дзеячаў літаратуры, якія прысвечаны гэтай тэме: раман Івана Шамякіна “Злая зорка”, дакументальная аповесць Васіля Гігевіча і Алега Чарнова “Сталі воды горкія”, хранікальная аповесць Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”, аповесць Юрыя Станкевіча “Прузі”, аповесць Таісы Бондар “Імем Айца і Сына”, апавяданне Івана Пташнікава “Львы”, п’еса Міколы Матукоўскага “Бездань”, верш Уладзіміра Скарынкіна “Ніхто лугі не косіць пад Чарнобылем”, верш Міколы Купрэева “26 красавіка”, верш Генадзя Праневіча “Чарнобыльскі эпілог”, розныя артыкулы і нататкі.

У фондзе Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” захоўваюцца літаратурныя і рэжысёрскія сцэнарыі, мантажныя лісты, справы фільмаў, каштарысы, вытворчыя справаздачы і іншыя дакументы па вытворчасці фільмаў “Где был сад” (“Апокалипсис-Чернобыль”) (рэж. Л.Юр’ева, Я.Росцікаў), “Дзеці Чарнобыля” (рэж. У.Купрыянаў), “Черный аист” (рэж. В.Тураў, І.Рэмішэўскі, Ф.Конеў), “Чарнобыль. Попел” (“Радуніца”) (рэж. С.Лук’янчыкаў, У.Волкаў), “Жыццё пасля Чарнобыля” (рэж. У.Цяслюк), “Рейнджер из атомной зоны” (рэж. В.Нікіфараў, У.Чарных), “Востраў забытых сноў” (“Чарнобыльская карта”) (рэж. Н.Фральцова), “Чарнобыльскі крыж” (У.Мароз, А.Алай).

У фондзе Беларускага інстытута навукі і мастацтва захоўваецца невялікая калекцыя паштовак, выдадзеных фондамі дапамогі дзецям Чарнобылю. 

Важна памятаць пра трагедыю Чарнобыля, вучыцца на памылках і не дапусціць паўтарэння тых трагічных падзей, якія ў той ці іншай ступені адбіліся на жыцці кожнай беларускай сям’і.

21 красавіка 2021 г.