Анонс выставы “Живы и веселы” (прысвечанай дзейнасці Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны)

 
23 ліпеня ў Новасібірскім дзяржаўным краязнаўчым музеі адкрываецца выстава “Живы и веселы”, прысвечаная дзейнасці Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мінскі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Новасібірску з 1942 па 1946 гг. Спектаклі выконваліся на ідыш, але гэта не замінала гледачам разумець сюжэты п’ес і суперажываць разам з героямі. За гэты час тэатр паказаў каля 300 спектакляў і арганізаваў больш за 500 канцэртаў на прадпрыемствах, у шпіталях, калгасах, на перадавой і палюбіўся публіцы. Адзін са спектакляў меў назву “Лэбэдзік ун фрэйлех” – “Жывы і веселы”. У гэтым і быў сэнс акцёрскай працы:  дапамагчы паверыць у тое, што жыццё працягваецца, а наперадзе ўсіх чакае Перамога.
 
Гэта не проста выстава, а міжнародны музейны праект, у якім прынялі ўдзел Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Расійская дзяржаўная бібліятэка мастацтваў, Літоўскі дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва, Расійскі нацыянальны музей музыкі, Музей Сінагогі на Вялікай Бронной і іншыя ўстановы, а таксама музыканты Новасібірскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М.Глінкі, кампазітар Андрэй Малчанаў, шансанье Псой Караленка і інш. Навуковым кіраўніком праекта стала кандыдат гістарычных навук Інна Герасімава (ФРГ), якая шмат гадоў займаецца даследаваннем гісторыі яўрэйскага тэатра, часты наведвальнік чытальнай залы архіва-музея.
 
Аснову экспазіцыі склалі дакументы архіўнага фонду № 222 “Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР”, які захоўваецца ў БДАМЛМ.  Для выставы былі накіраваны электронныя копіі каля 60 дакументаў (загады па тэатру, канцэртный рэпертуар, даклады, спісы работнікаў, тэксты п’ес, фотаздымкі, рэцэнзіі, успаміны і інш.). Плануецца дэманстрацыя выставы ў Маскве і Мінску. Усе мультымедыйныя матэрыялы, а таксама і фотаматэрыялы выставы будуць выкладзены на сайце Новасібірскага музея.
 
21 лiпеня 2020 г.