Да Міжнароднага дня сям'і

15 мая ў Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень сям’і. Сям’я, як захавальніца найлепшых чалавечых каштоўнасцей, культурных традыцый, гістарычнай пераемнасці пакаленняў, з’яўляецца фактарам развіцця грамадства, моцным грунтам дзяржаўнага падмурку. А для творчых людзей – пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, акцёраў, сям’я – невычэрпная крыніца натхнення, надзейная падтрымка, найшчырэйшы прыхільнік таленту і бескампрамісны крытык адначасова. І гэта не проста супольнасць людзей, якія жывуць у адным доме. Гэта цёплыя адносіны, любоў, узаемадапамога і ўзаемапавага. І прыкладам служаць сем’і Максіма Гарэцкага, Адама Бабарэкі, Максіма Танка, Янкі Маўра, Янкі Брыля, Міколы Лобана і многіх іншых. Гэта ў іх трэба вучыцца вернасці, дабрыні і адказнасці за дзяцей, а значыць за будучыню. А калі такія сем’і яшчэ і жылі побач – утваралася вялікая садружнасць, у якой кожны клапаціўся пра кожнага. Наталля Семашкевіч, дачка народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, успамінала ў адным інтэрв’ю цікавы эпізод са свайго дзяцінства: "Мы жылі ў доме на Карла Маркса, гэта быў “пісьменніцкі” дом. Да Янкі Маўра мы бегалі глядзець тэлевізар – у яго гэты апарат з такой вялікай лінзай з’явіўся першым ва ўсім доме. А нам у галаву не прыходзіла, што чалавек можа працаваць, пісаць. Бо Маўр быў вельмі добрым, і калі 10 дзетак завальваліся да яго ў “кіназалу”, ён ніколі нічога не казаў супраць. Не было пачуцця, што наш тата – пісьменнік. Можа таму, што ўсе вакол былі пісьменнікамі!..”.

У гэты дзень прапануем Вашай увазе невялікую падборку сямейных фатаграфій вядомых дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі  з іх асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літартуры і мастацтва. Гэта і партрэтныя фатаграфіі, створаныя прафесійнымі фотамайстрамі, з якіх глядзяць на нас адразу некалькі пакаленняў, і аматарскія, якія адлюстроўваюць жывыя моманты іх жыцця, а перад намі ўжо не проста знакаміты народны пісьменнік ці артыст, а ўсмешлівы бацька і дзядуля.

Жадаем у гэты дзень, каб у Вашых сем’ях заўсёды панавалі любоў, вернасць, узаемападтрымка. Няхай Вашы родныя і блізкія заўсёды атуляюць Вас клопатам і ўвагай.

15 мая 2021 г.