Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “На струнах душы”

23 красавіка 2021 года ў музеі “Беларуская хатка” (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры) адбылося адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “На струнах душы”, прысвечанай 135-годдзю з дня нараджэння беларускага празаіка і паэта Змітрака Бядулі (Самуіла Яфімавіча Плаўніка). У экспазіцыі прадстаўлена творчая спадчына пісьменніка, яго аўтографы, ліставанне, фатаграфіі, дакументы грамадскай дзейнасці. Дакументы і экспанаты перададзены для часовага экспанавання з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прадставіў для экспанавання шмат разнастайных дакументаў: рукапіс паэмы “Абмылка”; аўтографы вершаў; ліставанне паэта з братамі Луцкевічамі, Анатолем Тычынай, Паўлам Кабзарэўскім, Вульфам Сосенскім, Паўлюком Трусам; фатаграфіі Змітрака Бядулі (у тым ліку групавыя з юбілея Янкі Купалы);  праграма і фатаграфіі сцэн са спектакля “Салавей”; эскізы дэкарацый да спектакляў і вокладак кніг.

Экспазіцыя “На струнах душы” працуе да 31 жніўня 2021 года ў музеі “Беларуская хатка” па адрасе вул. Рабкораўская, 19.

27 красавіка 2021 г.