Выстава да 100-годдзя Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні

З 15 кастрычніка па 12 снежня 2021 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава да 100-годдзя з дня заснавання Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча – першага беларускага нацыянальнага музея, які сваёй асноўнай мэтай ставіў збор, захаванне і папулярызацыю найперш беларускай гісторыі, культуры і мастацтва.

Сёння музейныя прадметы, архіў і бібліятэка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча знаходзяцца ў фондах і калекцыях Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Выставачны праект мае на мэце рэпрэзентаваць (у межах сучасных беларускіх збораў) багатую і разнастайную калекцыю Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Экспазіцыйная прастора дае магчымасць пазнаёміцца з сакральным мастацтвам (іконы, скульптура, металічныя абразкі і крыжы), беларускім жывапісам і графікай ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, калекцыяй археалогіі, этнаграфіі, нумізматыкі, баністыкі і сфрагістыкі.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе можна ўбачыць “Інвентарную кнігу” музея за 1922-1941 гг. (з упамінаннем больш ранніх гадоў паступлення экспанатаў, з адбіткам пячатак, замалёўкамі некаторых прадметаў), кнігу пратаколаў пасяджэнняў Музейнага савета за 1932-1935 гг., друкаваны заклік Беларускага навуковага таварыства ў Вільні ахвяраваць грошы на новы будынак (пач. 1930-х гг.), фатаграфіі і іншыя дакументы.

Больш падрабязна пра выставу, час працы і кошт білетаў можна даведацца на сайце Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

15 кастрычніка 2021 г.