Выстава да 85-годдзя Генадзя Бураўкіна

У чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва працуе выстава “Перадусім Беларусь”: з фоталетапісу жыцця Генадзя Бураўкіна”, прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння выдатнага паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча (1936-2014). Экспазіцыя створана на аснове даументаў з асабістага фонду паэта № 520, якія перадала ў архіў-музей яго жонка Юлія Якаўлеўна ў 2016–2018 гг. Наведвальнікам і даследчыкам будзе цікава ўбачыць аўтографы вершаў паэта “Юнацтва сінія арэлі”, “Беларусі”, “Полацку”, дакументы аб працы старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР, пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН, выданні твораў Г.Бураўкіна з аўтографамі, а таксама газетныя выразкі з артыкуламі, рэцэнзіямі на творы, інтэрв’ю з паэтам і інш. Шматлікія фотаздымкі ўяўляюць маштабны фоталетапіс жыцця і дзейнасці Генадзя Бураўкіна.

Знакавасць асобы паэта, яго вялікі ўклад у нацыянальнае адраджэнне адзначаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: “Там, дзе ён – мудрасць, павага і беларуская нацыянальная ідэя. Бураўкін зрабіў часопіс “Маладосць” лепшым часопісам краіны, а Беларускае тэлебачанне – па-сапраўднаму нацыянальным. На яго “Калыханцы” выхавана не адно пакаленне беларусаў. Працуючы ў ААН, ён першым працягнуў руку эмігрантам – вядомым дзеячам нацыянальнай культуры. Яго паэзію трэба чытаць душою, таму што Бураўкін не пісаў вершы, а дыхаў імі”.

1 верасня 2021 г.