Выстава “Добрыя весткі. Паштовая карэспандэнцыя ХХ ст.”

З 1 снежня 2021 г. па 28 лютага 2022 г. у Малой выставачнай зале Палацавага ансамбля Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” дзейнічае выстава “Добрыя весткі. Паштовая карэспандэнцыя ХХ ст.”.

На выставе прадстаўлены паштоўкі і фотакарткі пачатку мінулага стагоддзя; віншавальныя паштоўкі савецкага часу; тэлеграмы, адрасаваныя прадстаўнікам дому Радзівілаў; франтавыя “трохкутнікі” чырвонаармейцаў і канверты з беларускай тэматыкай, выдадзеныя пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, унікальныя паштовыя маркі з выявамі архітэктурных помнікаў нашай краіны.

З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва на выставе можна пабачыць маркі земскай пошты Асташкава і Апочкі, паштовыя блокі “Раство Byelaruš” з выявай анёла і “Да тысячагоддзя хрышчэньня беларусаў у хрысьціянства 988-1988”, паштовыя канверты з маркамі Беларускай пошты Вялікабрытаніі (1971), “Першы дзень” да 1000-годдзя Беларускай праваслаўнай царквы, “Францыск Скарына. Да 500-годдзя з дня нараджэння” (1988), канверты Беларускай замежнай пошты (Парыж, Лондан, 1978), паштовыя маркі з выявай Францыска Скарыны (1921) і інш.

Больш падрабязна пра выставу, час працы і кошт білетаў можна даведацца на сайце Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”.

8 снежня 2021 г.