Выстава «Клічу вас я на пабеду…»

Год гістарычнай памяці

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі працуе выстава “Клічу вас я на пабеду…”, назву якой даў радок з вядомага верша “Беларускім партызанам” Янкі Купалы. На выставе экспануюцца дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў у час Вялікай Айчыннай вайны, з асэнсаваннем ваенных падзей у творах літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і кіно, а таксама памяццю пра загінулых. Гэта старонкі рукапісаў, графічныя працы, фотаздымкі сцэн са спектакляў, кадры з фільмаў, фрагменты перапіскі, лістоўкі і іншыя цікавыя дакументы. На вітрыне прадстаўлены таксама кніжныя і перыядычныя выданні 1940-х гг., у тым ліку падшыўкі вядомых газет “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Сапраўды, найбуйнейшай гуманітарнай катастрофай ХХ стагоддзя з’явілася Другая сусветная вайна, якая для Беларусі і іншых рэспублік СССР стала Вялікай Айчыннай. Трагічныя наступствы вайны, яе ўрокі для чалавецтва заўсёды былі прадметам мастацкага асэнсавання ў творах літаратуры, тэатра, жывапісу, графікі, скульптуры. Прыгадаем, напрыклад, развагі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава з яго аповесці “Сотнікаў”:  «Адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце – яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё».

У БДАМЛМ захоўваецца багата дакументаў, звязаных як з удзелам творчых асобаў у ваенных падзеях, так і з мастацкім адлюстраваннем ваеннай тэмы. Найперш гэта фонды пісьменнікаў-франтавікоў: Алеся Адамовіча (ф. 116), Антона Алешкі (ф. 208), Міколы Аўрамчыка (ф. 160), Зінаіды Бандарынай (ф. 75), Алеся Бачылы (ф. 323), Янкі Брыля (ф. 59), Васіля Быкава (ф. 165), Змітра Віталіна (неапр.), Вісарыёна Гарбука (ф. 234), Аляксея Зарыцкага (ф. 364), Уладзіміра Карпава (ф. 305), Кастуся Кірэенкі (ф. 415), Аркадзя Куляшова (ф. 411), Міколы Лобана (ф. 148), Максіма Лужаніна (ф. 140), Міхася Лынькова (ф. 191), Алеся Махнача (ф. 158), Івана Мележа (ф. 277), Івана Навуменкі (ф. 495), Івана Новікава (ф. 353), Аляксея Пысіна (ф. 308), Аляксея Русецкага (ф. 468), Алеся Савіцкага (ф. 218), Максіма Танка (ф. 25), Валянціна Таўлая (ф. 168), Івана Шамякіна (ф. 154).

Цікавасць і каштоўнасць уяўляюць фонды літаратараў, якія з вайны не вярнуліся: Змітрака Астапенкі (ф. 128), Івана Дзенісенкі (ф. 16), Алеся Жаўрука (ф. 5), Рыгора Мурашкі (ф. 441), Міколы Сурначова (ф. 214), Андрэя Ушакова (ф. 271), Хвядоса Шынклера (ф. 300). Частку фонду № 55 складае калекцыя дакументаў літаратурнага музея “Да штыка прыраўнялі пяро” СШ № 150 г. Мінска, у тым ліку дакументы загінулых на вайне паэтаў Леаніда Гаўрылава, Аляксея Коршака, Сямёна Ляльчука. Акрамя таго, у згаданым фондзе ёсць дакументы Алеся Пруднікава і Генадзя Шведзіка.

Унікальнасцю вылучаецца фонд № 395 вядомага графіка Аркадзя Астаповіча, які загінуў на фронце. Акрамя яго, вайна перакрэсліла жыцці каля 30 беларускіх мастакоў, асабістыя архівы якіх, на жаль, не захаваліся – толькі асобныя дакументы. Сярод іх – жывапісцы і графікі Майсей Ваксер (Векслер), Залман Зальцман, Барыс Каплан, Мікалай Малевіч, Аляксандр Пашута, Іосіф Фянюк, карыкатурыст Віталь Букаты, скульптары Саламон Аншалевіч, Аляксандр Арлоў, Мікалай Аўчыннікаў, Уладзімір Бохан, Абрам Бразер, Абрам Жораў, Георгій Ізмайлаў, Ілья Эйдэльман. У мінскім гета загінулі скрыпачы і педагогі Іегуда Жухавіцкі і Герман Саламонаў, акцёр і рэжысёр Міхаіл Зораў.

Найбольш грунтоўнае выданне твораў загінулых пісьменнікаў – укладзеная прафесарам Алесем Бельскім трохтомная анталогія “Скрыжалі памяці” (Мінск, 2005), дзе, сярод іншага, выкарыстаны і рукапісныя матэрыялы з фондаў БДАМЛМ. І сёння дакументы архіва-музея, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, па-ранейшаму прыцягваюць увагу даследчыкаў, робяцца каштоўным матэрыялам для навуковых даследаванняў і археаграфічных публікацый. З нядаўніх прыкладаў згадаем кнігу “Мы жылі ў буднях барацьбы…” (2020), якую склалі ваенныя дзённікі пісьменнікаў Міколы Лобана, Антона Алешкі, Пятра Валкадаева і Вісарыёна Гарбука, падрыхтаваныя да публікацыі супрацоўнікамі БДАМЛМ.

Выстава адкрыта для наведвальнікаў у панядзелак - пятніцу з 9. 00. да 16.00. гадз. на пятым паверсе будынка архіва-музея па вул. Кірылы і Мяфодзія, 4.

31 мая 2022 г.