01.12.2025

БДАМЛМ на пашыраным паседжанні кафедры крыніцазнаўства БДУ

27 лістапада 2025 года адбылося пашыранае паседжанне кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, прысвечанае памяці доктара гістарычных навук, прафесара Уладзіміра Нічыпаравіча Сідарцова (1935 – 2025).

 

У.Н.Сідарцоў – заснавальнік кафедры крыніцазнаўства, якая з 1992 г. спецыялізуецца на падрыхтоўцы архівазнаўцаў і дакументазнаўцаў. Ён шмат зрабіў для ўмацавання шчыльных зносін паміж БДУ і архіўнай галіной нашай краіны.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) актыўна супрацоўнічае з кафедрай крыніцазнаўства з самога пачатку яе існавання, у тым ліку прымае ўдзел у падрыхтоўцы маладых спецыялістаў. Выпускнікі кафедры працуюць у архіве-музеі.

У пашыраным паседжанні прынялі ўдзел А.А.Макаранка, дырэктар БДАМЛМ, і Д.С.Самахвалаў, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ. Падчас сваіх выступленняў яны прыгадалі У.Н.Сідарцова як чалавека, які аказаў непасрэдны ўплыў на іх чалавечы і прафесійны лёс, і выказалі думку, што лепшым ушанаваннем яго памяці стане далейшая плённая супольная праца двух устаноў.