05.12.2025

БДАМЛМ на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 66-годдзя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа

4 снежня 2025 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 66-годдзя Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і 100-годдзя паэмы Якуба Коласа “Сымон–музыка”.

У праграме дня быў праведзены  семінар “Кнігі і экспазіцыі: новыя гарызонты для літаратурных устаноў”. Адбылося падпісанне пагаднення з установай “Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва Смаленскай вобласці”. У атмасферы душэўнасці прайшла цырымонія перадачы ў дар музею кнігі “Рыбакова хата” з дарчым надпісам Якуба Коласа ад прадстаўнікоў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і муляжа знака Аляксандраўскага ваеннага вучылішча, які насіў К.М.Міцкевіч у 1916 г,. ад калекцыянера, члена Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Андрэя Філатава. Цікавымі і пазнавальнымі былі выступленні ўдзельнікаў, якія распавялі пра гісторыю кніжных выданняў паэмы Якуба Коласа, захаванне літаратурнай спадчыны пісьменніка на Палессі, інтэрактыўныя літаратурныя ініцыятывы ў музеі.

Напрыканцы семінара адбылося адкрыццё часовай інтэрактыўнай экспазіцыі “Госці дома Якуба Коласа”, размешчанай уздоўж мемарыяльнай лесвіцы.