12 сакавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) былі праведзены экскурсіі для ўдзельнікаў сацыяльна-асветніцкага праекта “Акадэмія трэцяга ўзросту”.
Наведвальнікі аднавілі свае веды пра народнага пісьменніка Беларусі Івана Паўлавіча Мележа, чые творы з цікавасцю чыталі ў свой час, пазнаёміліся на выставе “Крыніца натхнення – жыццё народа” з дакументамі з фонда пісьменніка №277, што захоўваецца ў БДАМЛМ. Пажылыя экскурсанты актыўна задавалі самыя розныя пытанні куратару выставы вядучаму архівісту Н.А.Мізон: пра асабістае жыццё Івана Мележа, яго планы па развіцці сюжэта вядомай трылогіі “Палесская хроніка” (нажаль, не завершана пісьменнікам) і інш. Другая група наведвальнікаў “Акадэміі трэцяга ўзросту” пазнаёмілася з гісторыяй БДАМЛМ і будынка былога касцёла Святога Іосіфа. Вядучы навуковы супрацоўнік Д.С.Самахвалаў распавёў пра асаблівасці архіўнай работы, адказаў на пытанні пра дакументы ў фондах БДАМЛМ і крыніцы іх камплектавання.
Абедзве групы экскурсантаў шчыра дзякавалі работнікам архіва-музея за цікавы расповед і любоў да сваёй справы. Запіс удзельнікаў “Акадэміі трэцяга ўзросту” на наступныя экскурсіі засведчыў нястомную цікавасць пажылых наведвальнікаў да культурных навін у архіўнай сферы.

