09.03.2026

Кіраўніцтва і калектыў БДАМЛМ выказваюць спачуванні

Кіраўніцтва і калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва выказваюць глыбокі жаль і шчырае спачуванне родным і блізкім у сувязі з адыходам у вечнасць Уладзіміра Іванавіча Карызны.

Уладзімір Іванавіч Карызна – паэт, перакладчык, журналіст, народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, літаратурнай прэміі “Залаты купідон” і прэміі прафсаюзаў Беларусі. Нарадзіўся 25 траўня 1938 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна. У 1961 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ, выкладаў беларускую і рускую мовы ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, адначасова ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце “Браслаўская звязда”. У 1967–1980 гг. быў рэдактарам, старшым рэдактарам і загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, у 1980–1981 гг. – рэдактарам аддзела навукі і мастацтва літаратурнага часопіса “Полымя”, потым – старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва “Юнацтва”, з 2002 г. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Крыніца”.

З’яўляецца аўтарам некалькіх зборнікаў вершаў для дзяцей, тэкстаў звыш 200 песень (сярод якіх “Азёры дабрыні”, “Беларусь мая сінявокая”, “Зямля мая вялікая”, “Песня аб роднай зямлі” і інш.), адным з аўтараў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Іванавіч Карызна памёр 5 сакавіка 2026 года ва ўзросце 87 гадоў.