Міжнародны дзень архіваў, які адзначаецца штогод 9 чэрвеня, быў заснаваны Міжнародным саветам архіваў (МСА) у лістападзе 2007 года на Генеральнай Асамблеі ў Квебеку (Канада). Дата для свята была абраная не выпадкова – менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе рашэннем ЮНЕСКА і пад яе эгідай быў заснаваны МСА.
Для жыцця грамадства ролю архіваў цяжка пераацаніць. Будучы свайго роду інфармацыйнымі цэнтрамі, яны забяспечваюць доступ да рэтраспектыўнай дакументнай інфармацыі, садзейнічаюць у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, а таксама забяспечваюць навуковае пазнанне мінулага. Таксама архіўныя дадзеныя з’яўляюцца каштоўным сведчаннем эканамічнага, палітычнага і сацыяльнага развіцця чалавецтва.
Захаваць дакументальную спадчыну, даць магчымасць людзям знаёміцца з унікальнымі дакументамі – галоўная задача архівістаў. Дзень архіваў – гэта не толькі прафесійнае свята ўсіх работнікаў гэтай галіны, але і памятная дата, устаноўленая для прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці.
Гэты дзень з’яўляецца асаблівым і двайным святам для Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, бо менавіта 9 чэрвеня 1960 года – дзень заснавання ўстановы. Калектыў БДАМЛМ шчыра віншуе калег, даследчыкаў і сяброў! Ад усёй душы жадаем работнікам архіўных устаноў Рэспублікі Беларусь здароўя, міру і дабра. Хай кожны новы праект адкрывае перад вамі значныя перспектывы, а надзейнае асяроддзе прафесіяналаў спрыяе эфектыўнаму вырашэнню задач і дасягненню высокіх вынікаў.

