02.07.2026

Удзел БДАМЛМ у арганізацыі выставы «Мікалай Залозны. Палітра жыцця»

1 ліпеня 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, дзе азнаёміліся з новай персанальнай выставай «Мікалай Залозны. Палітра жыцця». Архіў-музей прымаў непасрэдны ўдзел у адборы і падрыхтоўцы матэрыялаў да яе.

 Эксіпазіцыя мастака і педагога, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Рыгоравіча Залознага (1925–1982) арганізавана з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння майстра. Мікалай Залозны нарадзіўся ва Украіне, вучыўся ў Беларусі. Ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, а пасля выкладаў у гэтых навучальных установах, дзе ўзгадаваў некалькі пакаленняў мастакоў. Нягледзячы на тое, што юнаком Мікалай Залозны са зброяй у руках прайшоў па дарогах завяршальнага этапа Вялікай Айчыннай вайны, у яго творах няма ніводнага стрэлу, дамінуюць мірныя сюжэты.

Юбілейная выстава ахоплівае перыяд творчасці 1965–1982 гг., дэманструючы шырокі жанравы дыяпазон спадчыны майстра, які ўключае сюжэтна-тэматычную карціну, пейзаж, нацюрморт і партрэт. У экспазіцыі прадстаўлены творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, фондаў Беларускага саюза мастакоў, калекцыі сям’і і прыватнага збору.

Экспазіцыйную прастору гарманічна дапоўнілі графічныя партрэты Мікалая Залознага з фондаў БДАМЛМ. Гэтыя работы былі створаны яго калегам па творчым цэху Міхаілам Якаўлевічам Лісоўскім. Таксама на выставе прадстаўлена палітра майстра, якую захавалі спадчыннікі яго сябра-мастака Аляксандра Фёдаравіча Семілетава.

Выстава будзе адчынена для наведвальнікаў да 9 жніўня 2026 года ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 24, паверх 3, зала 1).