02.02.2026

Вечар Івана Шамякіна з дэманстрацыяй архіўных дакументаў

30 студзеня 2026 года у малой і вялікай залах сталічнага кінатэатра “Піянер” адбыўся вечар, прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага літаратара Івана Шамякіна. Ён быў падрыхтаваны супольнымі намаганнямі адміністрацыі кінатэатра і Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ). Вечар уключаў выступленні роднай унучкі юбіляра, літаратуразнаўцы і пісьменніцы-фантасткі Марыі Вячаславаўны Шамякінай, галоўнага рэдактара часопіса “Роднае слова” Наталлі Мікалаеўны Шапран, прэзентацыю віртуальнай выставы архіўных дакументаў “Непрыдуманы Шамякін. Ад дакументаў да экрана”, падрыхтаваную вядучым навуковым супрацоўнікам архіва-музея Дзмітрыем Сяргеевічам Самахвалавым, і прагляд мастацкага кінафільма “Вазьму твой боль”, знятага рэжысёрам М.М.Пташуком у 1980 г. па сцэнару Івана Шамякіна.

Падчас свайго выступлення М.В.Шамякіна распавяла пра свайго знакамітага дзеда, яго чалавечыя і творчыя ўласцівасці. Н.М.Шапран  пазнаёміла прысутных з сучаснымі публікацыямі даследчыкаў творчасці Івана Шамякіна. Падчас прэзентацыі віртуальнай выставы Д.С.Самахвалаў прадэманстраваў найбольш цікавыя архіўныя дакументы пісьменніка, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ, у тым ліку рукапісныя варыянты яго раманаў і кінасцэнараў, запіскі чытачоў, мала вядомыя шаржы беларускага графіка М.Я.Лісоўскага. Асноўнай мэтай выставы стала не проста знаёмства з дакументальнай спадчынай, але і спроба зразумець незвычайную папулярнасць твораў пісьменніка сярод чытачоў і гледачоў. Трэба нагадаць, што Іван Шамякін – адзін з найбольш паспяховых беларускіх літаратараў мінулага стагоддзя. Свае мастацкія творы ён пісаў выключна па-беларуску, але яны былі перакладзены на 30 моў свету і выдадзены агульным тыражом болей за 25 млн экземпляраў. У 1972 г. ён атрымаў ганаровае званне народнага пісьменніка Беларусі.