12.01.2026

Віртуальная выстава “Аляксей Туранкоў: у пошуках “Кветкі шчасця” да 140-годдзя кампазітара на сайце БДАМЛМ

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей –БДАМЛМ) прэзентуе новую віртуальную выставу “Аляксей Туранкоў: у пошуках “Кветкі шчасця”, прымеркаваную да 140-годдзя з дня нараджэння выдатнага беларускага кампазітара, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай прафесійнай музычнай школы.

 

Творчы шлях Аляксея Яўлампавіча Туранкова стаў знакавай старонкай у гісторыі айчыннай культуры. Яго ўнёсак у развіццё беларускай оперы, сімфанічнай і харавой музыкі атрымаў высокае дзяржаўнае прызнанне яшчэ пры жыцці. Так, у 1940 годзе, у час росквіту свайго таленту, кампазітар быў узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ўдастоены ганаровага звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

Туранкоў з’яўляецца аўтарам опер “Кветка шчасця” (лібрэта В.Барысевіч, П.Броўкі і П.Глебкі, пастаўлена ў 1939 годзе), “Яснае світанне”, балета “Лясная казка”. Ён напісаў музыку да многіх драматычных спектакляў (“Пінская шляхта” і інш.) і кінафільмаў, займаўся апрацоўкай беларускіх народных песень.

На віртуальнай экспазіцыі прадстаўлены каштоўныя дакументы і матэрыялы з асабістага архіва кампазітара, якія захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ. Спадчына майстра паступіла ў архіў-музей у 1974 і 2006 гадах ад пляменніц яго ўдавы — Нэлі Іванаўны Карачун і Зоі Іванаўны Лашнец. Менавіта дзякуючы іх клопату даследчыкі і аматары мастацтва маюць магчымасць пазнаёміцца з аўтографамі музычных твораў кампазітара, фотаздымкамі, лістамі да жонкі Ксеніі Ваўчок.

Аляксей Яўлампавіч Туранкоў пайшоў з жыцця 27 верасня 1958 года і пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску, аднак галоўным помнікам кампазітару застаецца створаная ім музыка.

Запрашаем азнаёміцца з выставай “Аляксей Туранкоў: у пошуках “Кветкі шчасця” па спасылцы https://bdamlm.by/vystavy/virtualnyya-vystavy/item/4957-virtualnaya-vystava-alyaksej-turankou-u-poshukakh-kvetki-shchastsya