29.04.2024

29 красавіка адзначаецца Сусветны дзень танца

Інфармацыя падрыхтавана ў адпаведнасці з рэалізацыяй сумеснага з Рэспублікай Татарстан праекта “Дзень у гісторыі”, мэтай якога з'яўляецца абмен дакументаў па знамянальных датах у гісторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Татарстан.

Беларускія танцы, будучы часткай сусветнай гісторыі, уносяць свой унікальны ўклад у сусветную культурную спадчыну.

“Харошкі” – гэта жывая легенда беларусаў, вядомы беларускі дзяржаўны акадэмічны заслужаны харэаграфічны ансамбль, які знакаміты сваімі яркімі выступленнямі, жывой музыкай і аўтэнтычнымі касцюмамі. Танцы ў іх выкананні звычайна ўяўляюць сабой дынамічнае і энергічнае шэсце, у якім удзельнічае ўвесь калектыў. Праграмы ансамбля адлюстроўваюць багатую культурную спадчыну Беларусі і з'яўляюцца значнай часткай народных святаў, мерапрыемстваў і масавых гулянняў.

Калектыў быў створаны на базе самадзейнага ансамбля г. Магілёва “Вяснянка”. Сваю канцэртную дзейнасць пачаў з 1974 года пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі харэографамі Валянцінай Гаявой і Мікалаем Дудчанкам. Ужо ў 1975 годзе адбыліся першыя гастролі складу ў Даніі. У 1977 годзе “Харошкі” сталі лаўрэатам першай прэміі на Усесаюзным конкурсе, прысвечаным 60-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, сярод прафесійных харэаграфічных калектываў.

Загадам Міністэрства культуры БССР ад 21 лістапада 1981 г. № 180 ансамбль “Харошкі” існуе як самастойнае творчае прадпрыемства і называецца Беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі”.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусі ад 15 красавіка 1999 г. № 531 Беларускаму дзяржаўнаму харэаграфічнаму ансамблю “Харошкі” прысвоена званне “заслужаны”.

Сцэнічнай пляцоўкай для “Харошак” стаў практычна ўвесь Савецкі Саюз – ад Калінінграда да Далёкага Усходу, ад Мурманска да Астрахані. Калектыў шмат гастраляваў па Сібіры і Казахстану, выступаў з канцэртамі ў Сярэдняй Азіі і на Каўказе. Вядомы і ў краінах Блізкага Усходу-Сірыі, Іардане, Афганістане, Лівіі, ААЭ, а таксама ў Індыі, Японіі і Кітаі. Ансамбль і сёння працягвае паспяхова гастраляваць за мяжой.

Акрамя харэаграфіі, варта звярнуць увагу на канцэртныя касцюмы “Харошак”. Яны не толькі надаюць выступленням аўтэнтычнасць і прыгажосць, але і з'яўляюцца важным элементам перадачы культурных традыцый і нацыянальнай ідэнтычнасці праз танец. Касцюмы калектыву з'яўляюцца ўвасабленнем гістарычных перыядаў, рэгіянальных асаблівасцяў і звычаяў.

Важна адзначыць, што кожны элемент вобраза часта нясе ў сабе пэўнае значэнне, адлюстроўваючы гістарычныя, сацыяльныя і нават рэлігійныя аспекты беларускай культуры. Так беларускія касцюмы становяцца неад'емнай часткай выступленняў ансамбля “Харошкі” і важным інструментам захавання і прасоўвання багатай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь праз танец.

Прапануем вам атрымаць асалоду ад падборкі касцюмаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”!