21.03.2024

Кіраўніцтва і калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва выказваюць спачуванні

Кіраўніцтва і калектыў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва выказваюць спачуванні родным і блізкім нашага фондаўтваральніка і вялікага сябра установы – гісторыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча Аляксея Канстанцінавіча Каўкі (20 верасня 1937 г. – 21 сакавіка 2024 г.).

Каўка Аляксей Канстанцінавіч (псеўд. К. Атрашэўскі, К. Каваль, А. Канстанцінаў, А. Лямец, К. А., А. К.) нарадзіўся 20 верасня 1937 г. у вёсцы Равецкі Бор (цяпер в. Машчаліна) Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Вучыўся спачатку ў пачатковай школе в. Машчаліна, скончыў сем класаў Беларускай сярэдняй школы г. Чэрвеня (цяпер Беларускі ліцэй імя Караля), потым паступіў у Мінскі бібліятэчны тэхнікум (1951 – 1954 гг.). Пасля яго заканчэння працаваў у сельскай бібліятэцы в. Вялікаполле Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Адначасова ўзначальваў камсамольскую арганізацыю калгаса “Перадавік”, потым працаваў інструктарам Чэрвеньскага РК ЛКСМБ па зонах Замастоцкай і Лядзенскай МТС. У 1955 – 1961 гг. вучыўся на завочным аддзяленні беларускай мовы і літаратуры БДУ.

У 1956 г. быў прызваны ў Савецкую Армію. Служыў спачатку ў палітаддзеле штаба 3 танкавай арміі, а затым 18 механізаванай арміі старшым бухгалтарам па забеспячэнню палітпрасветамуніцыяў вайсковых адзінак. Улетку 1959 г. дэмабілізаваны і прызначаны інструктарам Чэрвеньскага райкама КПБ, у хуткасці абраны другім, першым сакратаром РК ЛКСМБ гэтага ж раёна. У 1963 г. – сакратар Мінскага абкама ЛКСМБ. У маі 1965 г. быў запрошаны ў апарат ЦК ВЛКСМ на пасаду адказнага арганізатара па сувязях з маладзёжнымі арганізацыямі Польшчы. З гэтага часу жыў у Маскве. У 1968 – 1971 гг. вучыўся ў аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС на кафедры міжнароднага камуністычнага і рабочага руху, пасля абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук і працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам сектара Польшчы ў Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР. Па сумяшчальніцтву чытаў лекцыі ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПСС (1974 – 1977 гг.) З 1979 г. па 1982 г. працаваў у Варшаве прадстаўніком Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязей з замежжам (ССОД), радцам пасольства СССР у ПНР (1979-1983). Быў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута славяназнаўства і балканістыкі АН СССР і адначасова галоўным рэдактарам часопіса “Советское славяноведение” (1987 – 1989 гг.). З 1989 г. па 2004 г. працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага РАН. У 1991 г. абараніў дысертацыю па кнізе-манаграфіі на атрыманне вучонай ступені доктара філалагічных навук. З’яўляўся арганізатарам шматлікіх мерапрыемстваў і канферэнцый, прысвечанных 500-годдзю з дня нараджэння Ф. Скарыны.

Узнагароджаны ганаровымі адзнакамі ЦК ВЛКСМ “За активную работу в комсомоле” (1968), ССОД – “За вклад в дело дружбы” (1983), сярэбраным медалём Таварыства польска-савецкай дружбы (1982), медалём Францыска Скарыны (1990), “Ветеран труда”, “850 лет Москвы” і інш.