01.10.2021

XІХ Архіўныя чытанні «Беларуская літаратура і літаратуразнаўства 2-й паловы ХХ ст.»

1 кастрычніка 2021 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі чарговыя ХІХ Архіўныя чытанні. Гэтым разам канферэнцыя была прымеркаваная не толькі да Дня архівіста, але і да 100-годдзя Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі, а таксама да юбілеяў вядомых дзеячаў культуры, на якія багаты сёлетні год.

У прывітальным слове намеснік дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Аляксей Цвяткоў адзначыў важнасць архіўнай службы для сучаснага грамадства, а дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка згадала сёлетніх знакамітых юбіляраў, сярод якіх – літаратуразнавец і пісьменнік Сцяпан Александровіч (100), народная артыстка Беларусі Аляксандра Клімава (100), народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч (90), гісторык і даследчык літаратуры Генадзь Кісялёў (90), паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін (85)… Дакументы кожнага з іх захоўваюцца ў фондах БДАМЛМ.

На пленарным пасяджэнні прафесар Белдзяржуніверсітэта Міхаіл Шумейка распавядаў пра стогадовыя сувязі БДУ і Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі, Алена Макаранка – пра сістэму навукова-даведачнага апарата Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, а Ірына Смірнова – пра рукапісны фонд Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі.

Падчас працы секцый быў прадстаўлены цікавы і багаты дыяпазон архівазнаўчых і літаратуразнаўчых даследаванняў: «Жыццёвы шлях і творчая дзейнасць Н. С. Гілевіча (па фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў)» (М. Гарэлік), «Крыніцы па арганізацыі архіўнай справы ў органах епархіяльнага кіраўніцтва хрысціянскіх канфесій на беларускіх землях у канцы ХVIII – пачатку ХХ ст.» (З. Антановіч), «Публікацыя біяграфічных даведнікаў па архіўнай справе: параўнанне ўсходнеславянскага і заходнеславянскага падыходаў» (Д. Лапацін), «Машынапіс паэмы Уладзіміра Дубоўкі, прысвечанай акадэміку Андрэю Пракапчуку, з фондаў Музея гісторыі медыцыны Беларусі» (Дз. Лапцэвіч), «Гісторыя архіўнай справы ў г. Магілёве і Гомелі (1917–1941): праблема пераемнасці» (А. Петухоў), «Крыніцы па гісторыі Беларускага музея імя І. Луцкевіча (1939–1945 гг.)» (В. Іванова), «Роля архіва Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў вывучэнні жыцця і дзейнасці Антона Грыневіча» (Я. Грыневіч), «Роля архівістаў Кісялёвых у дзейнасці БДАМЛМ» (Г. Запартыка), «Архівы Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы: новыя знаходкі для біяграфіі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і яго сям’і» (Дз. Дрозд), «Дакументы народнага мастака БССР Волкава Валянціна Віктаравіча» (Н. Саломкіна),  «Дакументы Сцяпана Александровіча ў фондах БДАМЛМ» (В. Жыбуль), «Сцяпан Александровіч. Сцежкамі Максіма Багдановіча» (М. Бараноўскі), «Л. Бэндэ як даследчык жыцця і творчасці Цёткі (роля рукапісу яго манаграфіі ў фарміраванні канцэптуальных падыходаў да інтэрпрэтацыі творчай спадчыны пісьменніцы)» (Д. Карчашкіна), «Генезіс паэзіі Петруся Броўкі 2-й паловы ХХ ст. на аснове асабістых блакнотаў» (П. Яцін), «Лісты Зінаіды Бандарынай да Веры Ніжанкоўскай-Тарашкевіч у фондзе Станіслава Шушкевіча (БДАМЛМ)» (А. Данільчык), «“Ніжнія Байдуны” Янкі Брыля: праз прачытанне Уладзіміра Караткевіча» (В. Назараў).

Матэрыялы канферэнцыі плануецца ўключыць у наступны выпуск архіўнага альманаха “Аўтограф”, які пачаў выходзіць з 2020 г.