Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду

Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду "Бліскавіцы" - унікальнае выданне. Упершыню пад адной вокладкай змешчаны творы 61 беларускай паэткі, створаныя ў “міжваенны” перыяд – з 1918 па 1941 г., што дапамагае стварыць панараму літаратурнага жыцця эпохі. У кнігу ўвайшлі творы і хрэстаматыйныя, і малавядомыя, і нават ніколі не публікаваныя раней. Тут прадстаўлены і паэткі, чыя творчасць даўно ўвайшла ў скарбонку айчыннай літаратуры, і напаўзабытыя, і забытыя зусім літаратаркі, а таксама тыя аўтаркі, чыя прысутнасць у літаратуры мела спарадычны або выпадковы характар і чые творы маюць не эстэтычную, а перадусім гістарычную каштоўнасць і, магчыма, будуць цікавыя гісторыкам, сацыёлагам і даследчыкам гендарнай праблематыкі.

Асноўнымі тэксталагічнымі крыніцамі анталогіі сталі перыядычныя выданні 1918–1941 гг., а таксама фонды Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, дзе захоўваюцца творчыя і біяграфічныя дакументы шэрагу аўтарак (Канстанцыя Буйло, Аўдакея Бык, Ядвіга Бяганская, Зоська Верас, Арына Глінская, Вера Мурашка, Паўліна Мядзёлка, Акіліна Мялешкіна, Ганна Новік, Хмарка, Яўгенія Пфляўмбаўм і інш.).

Укладальнікамі анталогіі выступілі літаратуразнаўцы, кандыдаты філалагічных навук Віктар Жыбуль (навуковы супрацоўнік БДАМЛМ) і Аксана Данільчык.

Дадатковая інфармацыя

  • Выдавецтва: Мінск: Кнігазбор
  • Год: 2017
  • Назва: Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду
  • Аўтар: Уклад., камент. А. Данільчык, В. Жыбуля
  • Старонкi: 448 с. - (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў "Кнігарня пісьменніка"; вып. 88). ISBN 978-985-7144-87-7