Выбраныя творы

У аднатомнік выдатнага беларускага паэта і празаіка Алеся Наўроцкага (1937-2012) увайшлі як раней апублікаваныя творы, так і тыя, што засталіся ў рукапісе. Упершыню чытач пазнаёміцца як з яго новымі вершамі, так і з буйнымі празаічнымі творамі – раманам “Прыпяць” (пра ўчастковую бальніцу на Палессі, дзе аўтар працаваў яе загадчыкам) і аповесцю “Дома”, якія пры жыцці пісьменніка не былі апублікаваныя, бо не “ўпісваліся” ў цесныя рамкі “сацыялістычнага рэалізму”. Восемдзясят сёмы том кніжнага праекта “Беларускі кнігазбор”.

Алесь (Аляксандр Піліпавіч) Наўроцкі нарадзіўся 12 лютага 1937 года ў вёсцы Давыдаўка Даманавіцкага раёна Палескай вобласці (цяпер Светлагорскі раён Гомельскай вобласці) у сям’і настаўнікаў. Яшчэ ў школьныя гады хлопчык захапіўся літаратурай, выдаваў разам з сябрам рукапісную газету. Аднак прафесійны шлях А. Наўроцкі звязаў з медыцынай. Закончыўшы Вяжноўскую сямігодку, вучыўся ў Бабруйскай школе санітарных фельчараў (1951-1954). Па размеркаванні два гады працаваў санфельчарам у Далматаўскай участковай бальніцы, што знаходзілася ў вёсцы Вышкава Мірскага (цяпер Карэліцкага) раёна Гродзенскай вобласці. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінскім медыцынскім інстытуце (1962).

Працаваў лекарам участковай бальніцы ў вёсцы Аравічы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці (1962-1965), на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў Мінску. У 1976 г. паступіў на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, якія пакінуў праз год з прычыны пераследу органамі бяспекі. Вярнуўшыся ў Мінск, доўгі час не мог уладкавацца на працу. 1 красавіка 1978 г. выйшаў з Саюза пісьменнікаў, сябрам якога з’яўляўся з 1964 г. Гэты акт быў прадыктаваны як асабістымі прычынамі (праблемы з надрукаваннем твораў), так і грамадзянскай пазіцыяй пісьменніка: А. Наўроцкі пратэставаў супраць метадаў, якія прымяняла ў СССР т. зв. карная псіхіятрыя і ахвярай якіх ён лічыў сябе самога. Але праз тры гады ўрачэбна-кансультацыйная камісія і пасля працяглай гутаркі прымацавала Алеся Наўроцкага да псіхіятрычнага дыспансера і пазбавіла працы лекара... Доўгі час пісьменнік нідзе не працаваў і амаль не друкаваўся – паводле ўласных словаў, “дваццаць гадоў пісаў у шуфляду”. Аднавіў літаратурную працу толькі ў 2010 г., апублікаваўшы новыя падборкі вершаў і даўшы некалькі інтэрв’ю па радыё. Памёр 24 красавіка 2012 г. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Дэбютаваў вершам “Краіна родная” ў парыцкай раённай газеце “Ленінская перамога” ў 1952 г., а з 1954 г. выступаў у рэспубліканскім друку. Аўтар зборнікаў паэзіі “Неба ўсміхаецца маланкаю” (1962), “Гарачы снег” (1968), “Пакаленні і папялішчы” (1990), кнігі прозы “Валун”, якая выйшла ў двух варыянтах: як зборнік апавяданняў (1976) і як раман на рускай мове (1994).

У 2014 г. сястра пісьменніка Надзея Піліпаўна Наўроцкая перадала ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва братавы рукапісы, акуратна раскладзеныя па шматлікіх папках і самім аўтарам, і яго сваякамі. Гэта пераважна творы, якія ніколі не публікаваліся: празаічная эпапея “Белая Русь”, раманы “Прыпяць”, “Пакаленні і папялішчы”, аповесці “Дома” і “Блакада”, п’есы “Паядынак” і “Ульянка”, шматлікія вершы і паэмы, цыкл эсэ “Слова пра слова”, дзённікава-мемуарныя запісы…

“Выбраныя творы” – першая спроба прадставіць найлепшае з паэтычнай і празаічнай спадчыны Алеся Наўроцкага пад адной вокладкай. Творы, праз якія праглядаецца жаданне пісьменніка – ісці сваім адметным і ні да каго не падобным шляхам, распавядаючы пра “тое, што ён носіць у сабе праз усё жыццё”.

Укладанне, прадмова і каментар – літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук, навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Віктар Жыбуль.

Дадатковая інфармацыя

  • Выдавецтва: Мінск: Беларуская навука
  • Год: 2016
  • Назва: Выбраныя творы
  • Аўтар: Аўтар: Алесь Наўроцкі; укладанне, прадмова, каментар Віктара Жыбуля
  • Старонкi: 640 с.; [4] л. іл. – (Беларускі кнігазбор: БК. Серыя І, Мастацкая літаратура). ISBN 978-985-08-2020-4