Аўтограф. Альманах. Выпуск 1

Першы выпуск архіўнага альманаха “Аўтограф” змяшчае выбраныя артыкулы і публікацыі, прысвечаныя фондам, дакументам і праблемам практычнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Матэрыялы, якія склалі альманах, у пераважнай большасці належаць аўтарству супрацоўнікаў архіва-музея і пісаліся цягам апошніх дваццаці гадоў для самых розных перыядычных выданняў, зборнікаў, гучалі на канферэнцыйных пасяджэннях.

На старонках выдання можна пазнаёміцца з гісторыяй стварэння архіва-музея, рэканструяванай па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Іншыя матэрыялы аб’яднаныя па некалькіх раздзелах. Першы, “Збіраўся скарб, струменіўся няспынна…”, змяшчае артыкулы, у якіх апавядаецца гісторыя ўзнікнення многіх архіўных фондаў, раскрываецца іх змест. Гэта, напрыклад, фонд Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, фонды І. Грыгаровіча, С. Палееса, Я. Пушчы, У. Караткевіча і многіх іншых. Пра фонды і дакументы беларускага замежжа расказвае другі раздзел «Наша “Уздалле”», названы паводле слова, запазычанага з перапіскі рэпрэсаваных літаратараў Адама Бабарэкі і Антона Адамовіча. Трэці раздзел “Чытаю лёс…” склалі біяграфічныя, гістарычныя, тэксталагічныя даследаванні, выключную ролю ў працы над якімі адыгралі архіўныя дакументы. Чацвёрты раздзел “Аналітыка і вопыт” аб’яднаў артыкулы, прысвечаныя розным бакам дзейнасці архіва-музея (у тым ліку напісаныя вядомымі вучонымі Міхасём Мушынскім і Радзімам Гарэцкім), а таксама матэрыялы, якія раскрываюць практычны вопыт працы архівістаў. Раздзел “Нашы папярэднікі” прадстаўлены біяграфіямі архівістаў, якія стаялі ля вытокаў БДАМЛМ і аддалі шмат гадоў працы ў гэтай установе. Завяршаецца альманах бібліяграфіяй публікацый супрацоўнікаў архіва-музея за 2008-2019 гг.

Дадатковая інфармацыя

  • Выдавецтва: Мінск: Колорград
  • Год: 2020
  • Назва: Аўтограф. Альманах. Выпуск 1
  • Аўтар: Аўтар праекта і ўкладальнік Г.В. Запартыка; навуковы рэдактар В.В. Жыбуль; рэдакцыйная калегія: Н.С. Гардзіенка, В.Я. Данекіна, В.В. Жыбуль, Г.В. Запартыка, Т.В. Іванова
  • Старонкi: 355 с. ISBN 978-985-596-623-5