Пра час «Узвышша». Выпуск 1

У зборнік увайшлі матэрыялы навуковых канферэнцый, прысвечаных юбілейным датам літаратуразнаўца А.А.Бабарэкі, гісторыка, краязнаўца, літаратуразнаўца, мастацтвазнаўца М.І.Каспяровіча, паэта Я.Пушчы, 75-годдзю з часу стварэння літаратурнага згуртавання “Узвышша”. Даклады канферэнцый ‒ гэта вынік архіўных пошукаў і навуковых даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры 1920-х гадоў.

Вытрымка з прадмовы:

“За час шматгадовай працы па камплектаванні асабістых архіваў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва сабрана значная колькасць фондаў з унікальным складам дакументаў па гісторыі літаратуры і мастацтва 1920-х гадоў. Сярод іх варта адзначыць фонды А.Бабарэкі, Я.Пушчы, У.Дубоўкі, П.Труса, М.Лужаніна, Ф.Ждановіча, А.Астаповіча і многіх іншых дзеячаў культуры. Архіўныя дакументы дапаўняюць рэдкія выданні тых часоў з дароўнымі надпісамі аўтараў. Такім чынам, былі створаны перадумовы шырокага выкарыстання гэтых рарытэтаў на карысць літаратуразнаўчай і гістарычнай навук праз падрыхтоўку публікацый, арганізацыю выставак і канферэнцый, і як вынік ‒ выданне зборнікаў. Першая канферэнцыя, якая была праведзена ў БДАМЛМ, была прысвечана 100-гадоваму юбілею класіка беларускага літаратуразнаўства, аднаго з заснавальнікаў вядомых літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша” ‒ Адама Бабарэкі. У канферэнцыі прынялі ўдзел літаратуразнаўцы, пісьменнікі, архівісты. Падчас канферэнцыі была адчынена выстава “У душы гарэў святы агонь…”, прысвечаная А.Бабарэку. Незабыўнай засталася і паездка ўдзельнікаў канферэнцыі на Капыльшчыну ў родную вёску Адама Бабарэкі Слабаду-Кучынку. Акрамя аўтараў, даклады якіх уключаны ў гэты зборнік, у той канферэнцыі прынялі ўдзел Янка Брыль, Міхась Мушынскі, Віталь Скалабан, Ядвіга Пацейка, настаўнікі і вучні Слабада-Кучынскай школы. Тады ўзнікла ідэя падрыхтаваць і выдаць зборнік дакументаў з асабістага архіва А.А.Бабарэкі.

Наступная канферэнцыя была таксама юбілейнай. У чаканні 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Каспяровіча беларускімі архівістамі задумвалася выстава, ініцыятарам якой быў Віталь Скалабан. Дзеля арганізацыі выставы было праведзена шырокае выяўленне ў дзяржаўных і ведамасных архівах Рэспублікі Беларусь і капіраванне дакументаў аб жыцці і дзейнасці М.Каспяровіча. У гэты ж час была наладжана ліставанне з Аляксандрам Мікалаевічам Каспяровічам ‒ сынам М.Каспяровіча, які жыве ў Новасібірску. Для выставы і стварэння архіўнага фонду ў БДАМЛМ А.М.Каспяровіч пераслаў поштай сапраўдныя сямейныя рэліквіі: асабістыя дакументы і фотаздымкі бацькі, маці, сям’і. Ужо калі выстава была амаль гатова, атрымалі вестку, што А.М.Каспяровіч з Новасібірска прыедзе ў Мінск, каб удзельнічаць у юбілейных мерапрыемствах. Гэта яшчэ больш згуртавала навукоўцаў вакол асобы Міколы Каспяровіча. Было запланавана некалькі мерапрыемстваў: правядзенне сустрэч, адкрыццё выставы, паездка на радзіму М.Каспяровіча, дзе меркавалася ўстанаўленне мемарыяльнай дошкі і арганізавана канферэнцыя ў БДАМЛМ. З дакладамі і паведамленнямі на ёй выступілі І.Германовіч, А.Міхальчанка, А.Каспяровіч, А.Каўка, І.Ляхоўскі, В.Скалабан, В.Кіпель, З.Саўка, Т.Кекелева, А.Гесь і іншыя. Даклады і паведамленні, якія прагучалі на канферэнцыі і якія былі перададзены ў рэдакцыйную групу, уключаны ў зборнік.

Дзве папярэднія канферэнцыі далі магчымасць асэнсаваць, глыбей заглянуць у эпоху 1920-х гадоў. І калі наблізіўся дзень 26 мая 2001 г. ‒ 75-гадовы юбілей літаратурнага згуртавання “Узвышша” ‒ узнікла ідэя адзначыць гэты дзень выставай і канферэнцыяй. Суботнім днём 26 мая 2001 г. у БДАМЛМ сустрэліся супрацоўнікі архіва-музея і Інстытута літаратуры імя Я.Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Выстава “Каб узняцца ізноў і вышай…”: белы абрус узвышанцаў, захаваны і падараваны Алесяй Бабарэкай, на ім выданні 1920-х гадоў, часопіс “Узвышша”, фотаздымкі. Тады не рыхтаваліся спецыяльна да друку даклады, тады была змястоўная і шчырая гаворка пра тое, што значаць асобы А.Бабарэкі, Я.Пушчы, У.Дубоўкі, К.Чорнага, Т.Кляшторнага, З.Бядулі і інш. у гісторыі беларускай літаратуры, што дало ёй утварэнне літаратурных згуртаванняў “Маладняк” і “Узвышша”. На гэтай жа канферэнцыі прагучала і была падтрымана ідэя аб правядзенні штогадовых “Узвышаўскіх чытанняў”. Было прынята рашэнне назваць гэту канферэнцыю першымі “Узвышаўскімі чытаннямі”.

Другія “Узвышаўскія чытанні” былі прысвечаны стогадоваму юбілею Язэпа Пушчы. Матэрыялы апошніх чытанняў прадстаўлены ў зборніку найбольш поўна. Канферэнцыя праводзілася сумеснымі намаганнямі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Інстытута літаратуры імя Я.Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі".

Змест

Навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Адама Бабарэкі (14-15.10.1999)

Радзім Гарэцкі. Адам Бабарэка ‒ выдатны беларускі адраджэнец і літаратурны крытык.

Ніл Гілевіч. Дзеля адраджэння і ўзвышэння Бацькаўшчыны.

Алеся Бабарэка. Успаміны пра бацьку.

Уладзімір Конан. Тэорыя ўзвышэнства ў творчасці Адама Бабарэкі.

Аляксей Каўка. Сталенне жывой вадою: пра “Узвышша” і ўзвышэнства.

Мікалай Ількевіч. Адам Бабареко по материалам уголовного дела на Алеся Аниховского. 1935-1936 гг.

Алеся Гесь. Гурток “Зарніца”.

Леанід Маракоў. Не толькі пра дзве з тых самых начэй.

Навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Міколы Каспяровіча (18-19.05.2000)

Ганна Запартыка. Мікола Каспяровіч (Уступнае слова).

Іван Германовіч. Мікола Каспяровіч. Жыццё і дзейнасць.

Уладзімір Ляхоўскі. Упаўнаважаны беларускім рухам (Дзейнасць Міколы Каспяровіча ў 1918-1921 гг.)

Віталь Скалабан. У сузор’і творцаў.

Алеся Гесь. Каспяровіч на Случчыне.

Алесь Глушка. Усім вядомы вам Каспяровіч.

І Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 75-годдзю ўтварэння літаратурнага аб'яднання "Узвышша" (26.05.2001)

Ганна Запартыка. Пра час “Узвышша”. Да 75-годдзя літаратурнага аб’яднання.

ІІ Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Язэпа Пушчы (24.05.2002)

Уладзімір Гніламёдаў. 20-я гады, Язэп Пушча і інш.

Міхась Мушынскі. Язэп Пушча і жанрава-стылёвая адметнасць пісьменніцкай крытыкі.

Уладзімір Конан. Мадэрнісцкія плыні ў творчасці Язэпа Пушчы.

Яўген Гарадніцкі. “Малюнкі і спевы” рэвалюцыйнага часу: Разуменне вобразнасці ў літаратурна-крытычных працах Язэпа Пушчы.

Наталля Заяц. Узвышэнскія паэмы Язэпа Пушчы: філасофскі і эстэтычны змест.

Аляксей Каўка. Над адзіным радком паэта-выгнанніка.

Ірына Багдановіч. Язэп Пушча: беларуская авангардная паэзія 1920-х гадоў.

Алесь Пашкевіч. Язэп Пушча і беларуская эміграцыя.

Ганна Запартыка. З эпісталярнай спадчыны ўзвышэнцаў (Лісты Я.Пушчы да А.Бабарэкі).

Валянціна Коўтун. Традыцыі Цёткі ў творчасці “ўзвышэнцаў”.

Алеся Бабарэка. З лістоў Язэпа Пушчы і аб адным Пушчавым вершы.

Таццяна Кекелева. Фонд Язэпа Пушчы ў БДАМЛМ.

Дадатковая інфармацыя

  • Выдавецтва: Мн.: БелНДІДАС
  • Год: 2002
  • Назва: Пра час «Узвышша». Выпуск 1
  • Аўтар: Рэдкал.: Г.В.Запартыка (гал. рэд.) і інш.
  • Старонкi: 167 с.