22.04.2024

Удзел супрацоўніка БДАМЛМ ў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь-Арменія: Старонкі гісторыі”

18-19 красавіка 2024 г. на базе Інстытута гісторыі НАН Беларусі сумесна з Інстытутам археалогіі і этнаграфіі НАН Рэспублікі Арменія, Пасольствам Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь і Фондам развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў “АНИВ” прайшла міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларусь – Арменія: Старонкі гісторыі”, прысвечаная 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Арменія і Рэспублікай Беларусь.

У рабоце навуковага форуму прынялі ўдзел больш за 50 даследчыкаў, журналістаў і грамадскіх дзеячаў з Беларусі, Арменіі і Расіі.

Працу канферэнцыі адкрыў В.Л. Гурскі, які зачытаў прывітальны адрас старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка, доктара эканамічных навук, прафесара В. Г. Гусакова. З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Арменія ў Рэспубліцы Беларусь Р.М. Хумаран; дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт  В.Л. Лакіза; дырэктар Інстытута археалогіі і этнаграфіі НАН Рэспублікі Арменія, кандыдат гістарычных навук А.А. Бабахян; генеральны дырэктар Фонду развіцця і падтрымкі арменоведческих даследаванняў “АНИВ” А.В. Хечаян.

Праца канферэнцыі прайшла ў адпаведнасці з храналагічна-тэматычным планам у рамках наступных праблемных палёў: Армянска–беларускія культурныя сувязі XVI-XXI стст.; генеалогія армянскіх родаў на беларускіх землях; воіны–армяне ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Беларусі XVIII-XX стст.; чыноўнікі армянскага паходжання на тэрыторыі беларускіх губерняў Кан. XVIII-пач. XX ст.; выхадцы з Беларусі ў Эрыванскай, Елісаветпольскай губернях, Карскай вобласці Расійскай імперыі, Армянскай ССР; армянская культурная спадчына ў архівах, бібліятэках і музеях Рэспублікі Беларусь; армянская дыяспара ў Рэспубліцы Беларусь і беларуская дыяспара ў Рэспубліцы Арменія.

Навуковай супольнасці была прэзентавана манаграфія “Маджарскія: Армянскі род у гісторыі Беларусі”, выдадзеная Фондам развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў “АНИВ” пры ўдзеле Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і садзейнічанні Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

У рабоце канферэнцыі прыняла ўдзел загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ), кандыдат гістарычных навук, дацэнт Скок Вераніка Пятроўна. 19 красавіка яна выступіла адным з мадэратараў III пасяджэння канферэнцыі, які праходзіў у рамках праблематыкі “Гісторыя беларуска-армянскіх культурных сувязяў: найноўшы час”. Акрамя таго, супрацоўнік БДАМЛМ прадставіла даклад “Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Гевонд Сааковіч Габрыелян: дакументы з асабістага архіва”. У выступе была прадэманстравана патэнцыйная магчымасць разгляду сямейнага, радавога архіва ў якасці адмысловага “даследчага поля” асобна ўзятага асабістага архіва скрозь прызму аналізу не толькі асабістых дакументаў, але і дакументаў асабістага паходжання, а таксама дакументаў па асабістаму складу. Акцэнт у дакладзе быў расстаўлены і на ўнікальную ролю БДАМЛМ як навукова-метадычнага цэнтра па працы з дакументамі асабістага паходжання.

На заключным пасяджэнні былі падведзены вынікі работы канферэнцыі, дзе ўсе ўдзельнікі былі адзіныя ў меркаванні аб тым, што канферэнцыя будзе садзейнічаць умацаванню дыялогу і адкрые шырокія магчымасці для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Арменіяй у сферы навукі і культуры на аснове ўзаемнага даверу і шматгадовага вопыту эфектыўнага ўзаемадзеяння.

Галерэя малюнкаў