80 гадоў Хатынскай трагедыі

Віртуальная выстава

У гэтыя дні ўспамінаюць адну з самых трагічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны – знішчэнне разам з жыхарамі беларускай вёскі Хатынь. 22 сакавіка 1943 года 149 жыхароў Хатыні былі спалены зажыва або расстраляны за магчымае аказанне дапамогі партызанам.

Трагедыя Хатыні адлюстравана ў многіх творах мастацтва, але адной з першых часцей за ўсё ўзгадваецца кніга “Я з вогненнай вёскі…” беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пра сотні трагедый беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з іх насельнікамі. Гэтая кніга – прадстаўнік асаблівага жанру літаратуры, які можна называць па-рознаму: зборнікі успамінаў, дзённікі, дакументальная трагедыя, рэпартаж з месца падзей, кніга-памяць, кніга-дакумент. Гэтая кніга стваралася з думкай пра тое, каб распавесці чалавецтву пра вялікую, нечуваную трагедыю народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны праз аповеды непасрэдных удзельнікаў – жыхароў вёсак і гарадоў.

Упершыню старонкі з будучай кнігі “Я з вогненнай вёскі…” былі надрукаваны ў часопісе “Маладосць” у 1971 годзе пад назвай “Памяць”. А. Адамовіч, Я. Брыль і У. Калеснік пісалі: “Няхай гэтыя галасы будуць з намі, з нашым народам і з усімі сумленнымі людзьмі, хай яны не толькі напамінаюць пра мінулае, але і клічуць быць пільнымі”. Праца над кнігай цягнулася амаль 5 гадоў. За 1970-1973 гг. аўтары аб’ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 “вогненных вёсках”. Запісалі на магнітафонную стужку аповеды больш за 300 жывых сведкаў трагедый беларускіх вёсак і мястэчак. Кніга была апублікавана ў 1975 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (перакладзена на 6 моў). Вялікую колькасць фатаграфій у кнізе дапаўнялі дзве грампласцінкі з запісамі галасоў тых, хто рассказваў пра трагедыю.

Прапануем азнаёміцца з матэрыяламі, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва і адлюстроўваюць працэс збору матэрыялу і падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі…”.

22 сакавіка 2023 г.

Запісы гутарак з жыхарамі “вогненных вёсак”. Аўтограф А.Адамовіча. 1970-я гг.
Я.Брыль падчас гутаркі з жыхарамі “вогненнай вёскі” на Магілёўшчыне. 1972 г.
Я.Брыль і А.Адамовіч на Расоншчыне. 1972 г.
Ліст А.Адамовіча да Я.Брыля па пытаннях падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 1973 г.
Ліст У.Калесніка да Я.Брыля наконт падрыхтоўкі фотаматэрыялаў да кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 2 красавіка 1971 г.
Помнікі ахвярам фашызму ў “вогненных вёсках”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
А.Адамовіч, Я.Брыль, У.Калеснік. “Я з вогненнай вёскі”. Варыянт. Аўтограф А.Адамовіча. 1972-1974 гг.
А.Адамовіч, Я.Брыль, У.Калеснік. “Я з вогненнай вёскі”. Мінск: Мастацкая літаратура, 1975