Да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

Віртуальная выстава да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка

Творчасць Максіма Танка – адметная з’ява ў свеце сучаснай еўрапейскай літаратуры. На думку вядомага філосафа і літаратуразнаўца Уладзіміра Конана, паводле свайго мастацкага таленту народны паэт Беларусі М. Танк – “на ўзроўні сучасных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, калі не вышэй некаторых з іх”.

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Закончыў пачатковую польскую школу, вучыўся ў Вілейскай рускай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях, з апошняй быў выключаны за ўдзел у школьнай забастоўцы. Потым вучыўся ў віленскіх беларускай, рускай гімназіях. У 1927 г. уступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у заходнебеларускім падпольным руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі (1932 – 1933), вёў рэвалюцыйную дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. З мая 1933 да мая 1934 г. і з верасня да снежня 1934 г. сядзеў у віленскай турме “Лукішкі”. Працаваў у легальным і падпольным камуністычным друку. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР быў супрацоўнікам абласной газеты “Вілейская праўда” (1939 – 1940). У час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце “За Савецкую Беларусь” (Бранскі фронт), у агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У 1945 – 1948 гг. – літаратурны рэдактар часопіса “Вожык”, у 1948 – 1966 гг. – галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, з 1966 г. першы сакратар, а ў 1971 – 1990 гг. – старшыня праўлення СП БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969 – 1989) і БССР (1947 – 1971), сакратар праўлення СП СССР (з 1966), член Савецкага камітэта абароны міру, старшыня Беларускага рэспубліканскага камітэта савецка-польскай дружбы (1958 –1991),  таварыства “Беларусь – Польшча” (1991 – 1995). Старшыня Вярхоўнага Савета БССР VI – VII скліканняў. Акадэмік АН БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 г.

Памёр Максім Танк 7 жніўня 1995 г.

Друкавацца паэт пачаў у 1932 г. у часопісе “Пралом” (выдаваў разам з Янкам Гарохам), “Часопісе для ўсіх”, газетах-аднадзёнках “На пераломе” і “Беларускае жыццё”. Першыя кніжкі паэзіі выдаў у Вільні: “На этапах” (1936), “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтай” (1938), паэма “Нарач” (1937). У Мінску выдадзены “Выбраныя вершы” (1940), “Янук Сяліба” (паэма, 1943), “Вастрыце зброю” (вершы і паэмы, 1945), “Праз вогненны небасхіл” (1945), “Выбраныя вершы” (1947), “Вершы” (1947, 1948), “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце” (1951), “Выбраныя творы (1952, 1954), “У дарозе” (1954), “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Лірыка” (1963), “Хай будзе святло” (1972) і інш.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, У. Маякоўскага, П. Тычыны, М. Рыльскага, А. Венцлавы, Я. Судрабкална, А. Міцкевіча, Ю. Славацкага, Ю. Тувіма, У. Бранеўскага, Т. Ружэвіча, Р. Дабравольскага, А. Германава і інш.

Максім Танк – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948) за зборнік паэзіі “Каб ведалі”, Літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959) за зборнік “След бліскавіцы”, Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1966) за зборнік “Мой хлеб надзённы”, Ленінскай прэміі (1978) за зборнік “Нарочанские сосны” (Масква, 1977), літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980) за кнігу “Прайсці праз вернасць”. Атрымаў у Польшчы прэмію аўтарскага аб’яднання “ZAIKS” (1971) за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі.

Асабісты фонд Максіма Танка – адзін з самых аб’ёмных у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Ён складаецца з 6 вопісаў і налічвае 2003 адзінкі захоўвання за 1912 – 1998 гг. Гэта – шматлікія рукапісы твораў паэта, матэрыялы да яго біяграфіі, фотаздымкі, лісты М. Танку ад дзеячаў літаратуры і мастацтва розных краін. Да матэрыялаў фонду актыўна звяртаюцца даследчыкі жыцця і творчасці пісьменніка, укладальнікі яго Збору твораў.