Перапоўнены прагай жыцця

Віртуальная выстава да 80-годдзя з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна

28 жніўня споўнілася б 80 гадоў паэту Генадзю Бураўкіну. З гэтай нагоды ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва была падрыхтаваная невялікая віртуальная выстава, заснаваная на дакументах з яго асабістага архіва.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін — паэт, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў в. Шуляціна (Віцебская вобл.). У 1959 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “журналістыка”. Працаваў у часопісе “Камуніст Беларусі”, газеце “Літаратура і Мастацтва”, быў карэспандэнтам “Правды” ў Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”.

У 1978-1990 гг. Генадзь Бураўкін працаваў на пасадзе старшыні Дзяржтэлерадыё БССР. Звольнены за падтрымку дэмакратычных сілаў, ён у 1990-ым адпраўлены на дыпламатычную працу. У 1990-1994 гадах быў пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Па вяртанні цягам некалькіх гадоў працаваў як намеснік міністра культуры і друку, а пазней — у 1995-2001 — у часопісе “Вожык”.

Генадзь Бураўкін быў Дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10-га і 11-га скліканняў, адным з ініцыятараў прыняцця Закону аб мовах, старшынём Таварыства беларускай мовы.

Першыя вершы Генадзя Бураўкіна былі надрукаваныя ў полацкай абласной газеце ў 1952 г. Пазней выйшлі кнігі: “Майская просінь” (1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (1963), “Дыханне” (1966), “Жніво” (1971), “Выток” (1974), “Варта вернасці” (1978), “Пяшчота” (1985), “Гняздо для птушкі радасці” (1986), “Узмах крыла” (1995), “Паміж зоркай і свечкай” (2000), кніга “Выбранае” (1998), “Чытаю тайнапіс вачэй” (2001), “Жураўліная пара” (2004) і інш.

На вершы Генадзя Бураўкіна напісана шмат папулярных песень, у 1984 годзе пабачыў свет адмысловы зборнік песенных тэкстаў “Табе, Беларусь” (1984). Асаблівую вядомасць набыла “Калыханка” на словы паэта, якая доўгі час выкарыстоўваецца ў аднаіменнай дзіцячай тэлепраграме.

Генадзь Бураўкін выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі, быў аўтарам сцэнарыяў некалькіх дакументальных і мастацкага фільмаў, перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Генадзь Бураўкін памёр 30 мая 2014 года ў Мінску.

Дакументы з асабістага архіва паэта былі перададзены ў БДАМЛМ удавой Юліяй Бураўкінай у гэтым годзе. Сярод захаванага — вялікая колькасць фотаздымкаў з розных перыядаў жыцця паэта, аўтографы і машынапісы, перапіска, біяграфічныя дакументы. Усё гэта з часам (пасля навукова-тэхнічнай апрацоўкі) будзе даступна даследчыкам.

Генадзь Бураўкін. Каля 1955 г.
Генадзь Бураўкін (справа) у 10-м класе СШ № 1 г. Полацка. Люты 1954 г.
Генадзь Бураўкін з бацькам Мікалаем Сцяпанавічам, маці Феадосіяй Ягораўнай і сястрой Рымай. 1954 г.
Генадзь Бураўкін. Сяр. 1950-х гг.
Студэнты БДУ (злева направа) Генадзь Бураўкін, Святлана Кліменценка, Рыгор Барадулін. 1956 г.
Дыплом выпускніка БДУ Генадзя Бураўкіна. Копія. 1959 г.
У часе працы на радыё
Генадзь і Юлія Бураўкіны з дзецьмі
За працоўным сталом
З Васілём Быкавым і Барысам Клейнам. Гродна, жнівень 1973 г.
З лётчыкам-касманаўтам Пятром Клімуком. 1977 г.
За працай. 1977 г.
Генадзь Бураўкін
Аўтограф Генадзя Бураўкіна. 1977 г.
У часе выступу
З Нілам Гілевічам. 1980-я гг.
Васіль Быкаў, Мікалай Матукоўскі, Генадзь Бураўкін. 1980-я гг.
На возеры Нарач. Канец 1970-х – пачатак 1980-х гг.
Пасьведчанне аб ўдзячнасці і прызнанні” Генадзю Бураўкіну ад Міжнароднага таварыства сяброўства і добрай волі. 1993 г.
Генадзь Бураўкін у ЗША. Пачатак 1990-х гг.
Франціш Бартуль, Генадзь Бураўкін, Наталля Арсеннева, Юлія Бураўкіна. ЗША, пачатак 1990-х гг.
Генадзь Бураўкін, Антон Шукелойць, Франціш Бартуль. ЗША, пачатак 1990-х гг.
З Эрнстам Неізвесным. 1993 г.
Пісьмо Генадзя Бураўкіна да Старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча. 1991 г.
Машынапіс верша Генадзя Бураўкіна. 1990-я гг.
З жонкай Юліяй. 1990-я гг.
Тытульны ліст рукапісу зробленага Г. Бураўкіным перакладу п’есы Рональда Харвуда “Касьцюмер”. 1996 г.
З Рыгорам Барадуліным і Юліяй Бураўкінай. 2000-я гг.
Ноты раманса “Скажы мне” на словы Генадзя Бураўкіна. 1999 г.
З Радзімам Гарэцкім. 2003 г.
Аўтограф верша Генадзя Бураўкіна
Аўтограф верша Генадзя Бураўкіна
З маці. 2000-я гг.
Генадзь Бураўкін. 2000-я гг.