У суаўтарстве з народам (кнігі "Я з вогненнай вёскі..." і "Блакадная кніга")

Выстава кнігі "Я з вогненнай вёскі..." і "Блакадная кніга")

У гэтыя дні ўспамінаюць адну з самых трагічных падзей часоў Вялікай Айчыннай вайны – блакаду Ленінграда. З 8 верасня 1941 г. і да 27 студзеня 1944 г., амаль 900 дзён вялікіх пакут, гора, сотні тысяч памерлых ад голаду і холаду. І той, хто выжыў – да апошняга свайго дня жыў з вялікім болем у сэрцы, з пастаяннай памяццю пра трагедыю. Трагедыя Ленінграда адлюстравана ў многіх творах мастацтва, але заўсёды першай узгадваецца “Блакадная кніга”, якую стварылі беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч і рускі пісьменнік Данііл Гранін. Але спачатку была кніга “Я з вогненнай вёскі…” беларускіх пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пра сотні трагедый беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з іх насельнікамі. Гэтыя дзве кнігі – прадстаўнікі асаблівага жанру літаратуры, які можна называць па-рознаму: зборнікі успамінаў, дзённікі, дакументальная трагедыя, рэпартаж з месца падзей, кніга-памяць, кніга-дакумент. Гэтыя кнігі ствараліся з думкай пра тое, каб распавесці чалавецтву пра вялікую, нечуваную трагедыю народаў у гады Вялікай Айчыннай вайны праз аповеды непасрэдных удзельнікаў – жыхароў вёсак і гарадоў.

Аўтарам кніг падзеі вайны вядомыя не па чутках, яны самі прайшлі праз выпрабаванні ваеннага часу. Алесь Адамовіч (1927-1994) з 14 гадоў браў удзел у дзейнасці антыфашысцкага падполля, з 1943 года быў сувязным у партызанскім атрадзе, а потым і байцом. Янка Брыль (1917-2006) з восені 1941 года быў удзельнікам партызанскага руху, з кастрычніка 1942 года − сувязным партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, з 1944 года − разведчыкам партызанскай брыгады “Камсамолец”. Уладзімір Калеснік (1922-1994) з ліпеня 1941 года прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні, летам 1942 года ўступіў у партызанскі атрад імя Чапаева, з восені 1942 года камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба атрада “2-гі Камсамольскі” брыгады “Камсамолец” Баранавіцкага злучэння. Данііл Гранін (1919-2017) у ліпені 1941 года сышоў на фронт добраахвотнікам у складзе народнага апалчэння, ваяваў на Ленінградскім і Прыбалтыйскім франтах, скончыў вайну ва Усходняй Прусіі камандзірам роты цяжкіх танкаў.

Упершыню старонкі з будучай кнігі “Я з вогненнай вёскі…” былі надрукаваны ў часопісе “Маладосць” у 1971 годзе пад назвай “Памяць”. А.Адамовіч, Я.Брыль і У.Калеснік пісалі: “Няхай гэтыя галасы будуць з намі, з нашым народам і з усімі сумленнымі людзьмі, хай яны не толькі напамінаюць пра мінулае, але і клічуць быць пільнымі”. Праца над кнігай цягнулася амаль 5 гадоў. За 1970-1973 гг. аўтары аб’ездзілі 35 раёнаў Беларусі, пабывалі ў 147 “вогненных вёсках”. Запісалі на магнітафонную стужку аповяды больш за 300 жывых сведкаў трагедый беларускіх вёсак і мястэчак. Кніга была апублікавана ў 1975 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” (перакладзена на 6 моў). Вялікую колькасць фатаграфій у кнізе дапаўнялі дзве грампласцінкі з запісамі галасоў тых, хто рассказваў пра трагедыю. Пісьменнік Сакрат Яновіч у лісце да Янкі Брыля так выказваў свае ўражанні ад кнігі: “Не чытаў такога, не толькі па-беларуску! Уражанне велізарнае!! Чытаў і плакаў! … Колькі адчуванняў, колькі думак ды асыцыяцыяў у кожным сказе, у амаль кожным слове чалавека, які перажыў сваю смерць!”.

Пра ідэю напісання “Блакаднай кнігі” Алесь Адамовіч пісаў: “Атрымалася неяк само сабой. Хоць цяпер, калі праца зроблена, пачынаешь думаць, што былі, былі нейкія нябачныя, але моцныя токі – ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый і што гэтыя токі, імпульсы якраз і накіроўвалі думкі і намеры беларуса, які ўдзельнічаў у стварэнні кнігі пра Хатыні – накіроўвалі на Ленінград. На Данііла Граніна выйшаў, калі вырашыў гэтым заняцца сам. Бо спачатку пра гэта не думаў, а толькі хацелася запаліць той працай, што прароблена была ў Беларусі, нечы там энтузіязм у Ленінградзе. … Акрамя таго, унутраны гул ад доўгай працы дома, яшчэ працягваўся і можа ён таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу, пашырэння той, такой жа працы. Тым больш, што ва мне ўжо жылі некалькі ленінградскіх гісторый, такіх жа пранізлівых і балючых, як і нашы хатынскія. І пачуў я іх, дарэчы, ад Галіны Максімаўны Гарэцкай – дачкі нашага Максіма Гарэцкага – калі ездзіў у Ленінград да сям’і пісьменніка, бо працаваў над кнігай пра яго трагічны лёс і выдатныя творы. Вось колькі выпадковасцей і як усё здаецца заканамерна звязаным з “Блакаднай кнігай”: трагедыі нашы вялі, прывялі да ленінградскіх, бо, мабыць, яны, як падземныя воды, адна з адной зліваюцца – усе трагедыі веку”.

Актыўная праца над “Блакаднай кнігай” пачалася 5 красавіка 1975 года, калі А.Адамовіч і Д.Гранін паехалі запісваць рассказ першага блакадніка. Збор матэрыялу для “Блакаднай кнігі” нагадваў працу па стварэнні кнігі “Я з вогненнай вёскі…”. Аўтары шукалі адрасы блакаднікаў, тэлефоны, ездзілі, хадзілі, знаёміліся, распытвалі, запісвалі. Калі пра іх працу стала больш вядома, людзі сталі самі шукаць пісьменнікаў – пісалі, тэлефанавалі. У выніку сабралося 6 тысяч старонак матэрыялу больш чым ад 200 блакаднікаў (лісты, дзённікі, успаміны, запісы).

Упершыню раздзелы з “Блакаднай кнігі” былі надрукаваны ў часопісе “Новый мир” у снежні 1977 года. Кніга была апублікавана ў Маскве ў выдавецтве “Советский писатель” у 1979 годзе (перакладзена на 16 моў). Чытачы пісалі аўтарам: Ведь столько писали о блокаде, но все там было приукрашено, не так, как в действительности. А у вас все достоверно, и даже очень хорошо, что вы литературно не обрабатываете слова блокадников”; “Каждая строчка, каждое слово – все-все правда. Читала и плакала”; “Эту книгу не с чем сравнить, ее не прочитываешь, а переживаешь. Ощущение подлинности, достоверности, правды”.

Выстава падрыхтавана Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва сумесна з Цэнтральным дзяржаўным архівам літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга (ЦДАЛМ СПб). У БДАМЛМ захоўваюцца асабістыя фонды пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка.

Фонд А.Адамовіча (Ф. 116, 771 адз. зах.) складаецца з трох вопісаў і ўключае ў сябе: рукапісы (раманы, аповесці, апавяданні, п’есы, сцэнарыі, тэксты лекцый, нарысы, артыкулы, нататкі, рэцэнзіі і інш.), перапіску (з дзеячамі літаратуры і мастацтва, установамі, арганізацыямі і інш.), дакументы да біяграфіі (аўтабіяграфію, дакументы творчай і службовай дзейнасці), дакументы пра А.Адамовіча (артыкулы, водгукі), выяўленчыя дакументы (фатаграфіі, індывідуальныя і ў групах).

Фонд Я.Брыля (Ф. 59, 1297 адз. зах.) складаецца з чатырох вопісаў і ўключае ў сябе: рукапісы (аповесці, апавяданні, вершы, нарысы, фельетоны, артыкулы, нататкі, замалёўкі, зборнікі лірычных мініяцюр; выступленні, інтэрв’ю, успаміны; пераклады), запісныя кніжкі, дзённікі; пераклады твораў пісьменніка, перапіску з дзеячамі літаратуры і мастацтва, дакументы да біяграфіі (асабістыя дакументы, дакументы грамадскай, літаратурнай і дэпутацкай дзейнасці, аб святкаванні юбілеяў), дакументы пра Я.Брыля (артыкулы, нарысы, інтэрв’ю і інш.), дакументы, сабраныя Я.Брылём, выяўленчыя дакументы (фатаграфіі, індывідуальныя і ў групах).

Фонд У.Калесніка (Ф. 161, 865 адз. зах) складаецца з трох вопісаў і ўключае ў сябе: рукапісы (аповесць, апавяданні, вершы, артыкулы і нарысы пра дзеячаў літаратуры і мастацтва, артыкулы на літаратуразнаўчыя, гістарычныя, педагагічныя тэмы, рэцэнзіі, водгукі, даклады, успаміны, дзённікавыя запісы і інш.); перапіска з дзеячамі літаратуры і мастацтва Беларусі і замежжа, рэдакцыямі часопісаў і газет, роднымі і знаёмымі; дакументы да біяграфіі У.Калесніка; матэрыялы, сабраныя У.Калеснікам па цікавых для яго тэмах (дакументы пра жыццё і творчасць У.А.Жылкі, рукапісы і матэрыялы пра дзейнасць В.П.Таўлая, дакументы па гісторыі літаратуры Заходняй Беларусі, рукапісы твораў беларускіх, рускіх і польскіх пісьменнікаў і інш.); выяўленчыя дакументы (фатаграфіі У.Калесніка, індывідуальныя і ў групах, фатаграфіі да кнігі “Я з вогненнай вёскі...”).

У ЦДАЛМ СПб захоўваецца асабісты фонд пісьменніка Д.Граніна (Ф. Р-107, 1677 адз. зах.), які складаецца з шасці вопісаў і ўключае ў сябе: рукапісы (раманы “Искатели”, “После свадьбы”, “Картина”; аповесці “Эта странная жизнь”, “Клавдия Вилор”, “Зубр” і інш.; апавяданні, нарысы, артыкулы, кінасцэнарыі, п’есы, успаміны, інтэрв’ю); перапіску; дакументы, сабраныя Д.Граніным для сваіх работ і па цікавых для яго тэмах (лісты, успаміны, дзённікі, фатаграфіі, стэнаграмы гутарак з блакаднікамі для “Блакаднай кнігі” і інш.); дакументы грамадскай дзейнасці; фатаграфіі (індывідуальныя, у групах, падчас паездак за мяжу).

Прапануем азнаёміцца з матэрыяламі выставы “У суаўтарстве з народам”, якая размешчана ў чытальнай зале БДАМЛМ.

16 верасня 2020 г.

Алесь Адамовіч. 1950-я гг.
А.Адамовіч у партызанскім атрадзе імя Кірава брыгады імя Пархоменкі. Партызанскі лагер у Крукаўскім лесе, Глускі р-н, Магілёўская вобл. Май 1943 г.
Янка Брыль. 1950-я гг.
Я.Брыль. Аўтабіяграфічная даведка аб удзеле ў партызанскім друку. Машынапіс з аўтарскай праўкай. 1979 г.
Уладзімір Калеснік. 1980-я гг.
Анкета ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, запоўненая У.Калеснікам. 1979 г.
А.Адамовіч з жыхарамі в. Брыцалавічі (Асіповіцкі р-н, Магілёўская вобл.) падчас здымак фільма “Хатынь, 5 км”. 1968 г.
А.Адамовіч. “Жестокая память Хатыней”. Артыкул для час. “Вопросы литературы”. Машынапіс. 1970 г.
А.Адамовіч. “Возможности жанра”. Артыкул для час. “Новый мир”. Аўтограф. 1976 г.
Запісы гутарак з жыхарамі “вогненных вёсак”. Аўтограф А.Адамовіча. 1970-я гг.
Кулямётчык Зауэр і Я.Брыль. 1971 г.
Я.Брыль падчас гутаркі з жыхарамі “вогненнай вёскі” на Магілёўшчыне. 1972 г.
Я.Брыль і А.Адамовіч на Расоншчыне. 1972 г.
Ліст А.Адамовіча да Я.Брыля па пытаннях падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 1973 г.
Ліст А.Адамовіча да Я.Брыля па пытаннях падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 1973 г.
Ліст У.Калесніка да Я.Брыля наконт падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 12 студзеня 1973 г.
Ліст У.Калесніка да Я.Брыля наконт падрыхтоўкі кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 3 кастрычніка 1973 г.
Ліст У.Калесніка да Я.Брыля наконт падрыхтоўкі фотаматэрыялаў да кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 2 красавіка 1971 г.
Помнікі ахвярам фашызму ў “вогненных вёсках”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
Жыхары “вогненных вёсак”. Фатаграфіі У.Калесніка. 1970-1973 гг.
А.Адамовіч, Я.Брыль, У.Калеснік. “Я з вогненнай вёскі”. Варыянт. Аўтограф А.Адамовіча. 1972-1974 гг.
Ліст С.Яновіча да Я.Брыля з уражаннямі ад раздзелаў кнігі “Я з вогненнай вёскі”. 10 верасня 1973 г.
Я.Левандоўскі. “Swiadectwo ocalonych”. Рэцээнзія на кнігу “Я з вогненнай вёскі”. Выр. з газ. “Kierunki”. 17 верасня 1978 г.
Данііл Гранін. 1980-я гг. З фондаў ЦДАЛМ СПб
А.Адамовіч. “З чаго пайшла, пачыналася Блакадная кніга”. Інтэрв’ю альманаху “Братэрства”. Варыянт. Аўтограф. 1982 г.
А.Адамовіч. “З чаго пайшла, пачыналася Блакадная кніга”. Інтэрв’ю. Выразка з альманаха “Братэрства”. 12 сакавіка 1983 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб
А.Адамовіч. і Д.Гранін. 1984 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб
А.Адамовіч, Г.Гарэцкі, У.Гарэцкі, Я.Брыль, Г.Гарэцкая, В.Адамовіч, Н.Брыль. 1980-я гг.
Д.Гранін. “Друг мой Алесь”. Нарыс. Аўтограф. 1995 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Картатэка асоб, успаміны якіх увайшлі ў “Блакадную кнігу”. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Стэнаграмы гутарак з блакаднікамі. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Стэнаграмы гутарак з блакаднікамі. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Дзённікі і ўспаміны блакаднікаў. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Дзённікі і ўспаміны блакаднікаў. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Дзённікі і ўспаміны блакаднікаў. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Дзённікі і ўспаміны блакаднікаў. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Дзённікі і ўспаміны блакаднікаў. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Ліст А.Адамовіча да Д.Граніна па пытаннях падрыхтоўкі “Блакаднай кнігі”. 1975 г.
Ліст А.Адамовіча да Д.Граніна па пытаннях падрыхтоўкі “Блакаднай кнігі”. Лістапад 1975 г.
Лісты чытачоў і радыёслухачоў, якія адгукнуліся на просьбу расказаць пра блакаду. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Лісты чытачоў і радыёслухачоў, якія адгукнуліся на просьбу расказаць пра блакаду. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Лісты чытачоў і радыёслухачоў, якія адгукнуліся на просьбу расказаць пра блакаду. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Лісты чытачоў і радыёслухачоў, якія адгукнуліся на просьбу расказаць пра блакаду. З фондаў ЦДАЛМ СПб
А.Адамовіч, Д.Гранін. “Засланный в город” = “Ленинградская блокада”. Варыянт. Аўтограф А.Адамовіча. 1970-я гг.
А.Адамовіч, Д.Гранін. “Блокадная книга” = “Ленинградский малый радиус”. Варыянт. Аўтограф А.Адамовіча. 1979 г.
Раздзелы з “Блакаднай кнігі”. Час. “Новый мир”. Вёрстка з праўкай Д.Граніна. 1977 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Раздзелы з “Блакаднай кнігі”. Час. “Новый мир”. Вёрстка з праўкай Д.Граніна. 1977 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб
Ліст А.Адамовіча да Д.Граніна пасля публікацыі раздзелаў з “Блакаднай кнігі” ў час. “Новый мир”. 1978 г. З фондаў ЦДАЛМ СПб