Выстава да 120-годдзя Льва Лейтмана і 95-годдзя Фрыны Лейтман

Віртуальная выстава да 120-годдзя мастака Льва Лейтмана і 95-годдзя мастацтвазнаўцы Фрыны Лейтман

Леў Мееравіч Лейтман нарадзіўся 1 (13) сакавіка 1896 г. у мястэчку Петрыкаў Мазырскага павета Мінскай губерні ў сям’і службоўца. Праз нейкі час сям’я пераехала ў г. Гарадок Гродзенскай губерні. Тут прайшло дзяцінства будучага мастака.

У 1916 г. Л. Лейтман закончыў Віцебскую камерцыйную вучэльню, адначасова вучыўся маляванню і жывапісу ў майстэрні мастака Ю. Пэна. У 1917 г. працягнуў мастацкую адукацыю ў студыі прафесара Ю. Бяршадскага і неўзабаве пераехаў да брата ў Петраград, дзе паступіў у Інстытут медыцынскіх ведаў, але перарваў навучанне і вярнуўся ў Гарадок. З 1917 па 1923 г. працаваў там выкладчыкам малявання ў сярэдняй школе, дэкаратарам пры Народным доме імя У. І. Леніна, кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва.

З 1923 г. Леў Лейтман працаваў у Віцебску: загадваў працоўным клубам “Чырвоны будаўнік”, з 1931 г. выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1934 г. загадваў навучальнай часткай у гэтым тэхнікуме, а з лютага 1941 г. быў прызначаны яго дырэктарам. Адначасова працягваў навучанне ў майстэрні Ю. Пэна (1923 – 1926), праходзіў курсы па павышэнні кваліфікацыі мастакоў у Ленінградзе ў прафесара С. Абугава (1937). У час Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў шэрагах Савецкай Арміі ў дарожна-будаўнічым батальёне.

Пасля вайны Л. Лейтман прыехаў у Мінск, браў актыўны ўдзел у арганізацыі Мінскай мастацкай вучэльні, дзе стаў выкладчыкам і загадчыкам навучальнай часткі.

Упершыню выступіўшы ў Мінску на V Усебеларускай выставе (1932) з шэрагам гуашаў, ксілагравюр, лінагравюр, мастак атрымаў прызнанне шырокай грамадскасці. З таго часу Л. Лейтман стаў удзельнікам усіх наступных выставаў беларускага выяўленчага мастацтва ў Мінску і Маскве, усіх усесаюзных выставаў. У ваенныя гады мастак браў удзел у выставах “Вялікая Айчынная вайна”, “Работы маскоўскіх мастакоў у дні Вялікай Айчыннай вайны” (1942), “Выстава 25-годдзя РСЧА” (1943). І ў пасляваенныя гады Л. Лейтман удзельнічаў ува ўсіх рэспубліканскіх і амаль ва ўсіх усесаюзных выставах.

Працаваў Л. Лейтман і ў тэхніцы акварэлі. Ён з’яўляецца аўтарам шэрагу пейзажаў: “Зіма” (1942), “Чырвоныя стрэхі” (1943), “Пейзаж” (1943), “Цішыня” (1945), серыі пейзажаў пра Мінск і яго ваколіцы (1952 – 1957) і інш. Сярод прац Л. Лейтмана вылучаюцца кампазіцыйныя партрэты (“На вахце міру. Найлепшая свідравальніца велазавода Л. А. Дуброўская”, 1950; “Партрэт стаханаўкі-будаўніка М. Кірпічыкавай”, 1951); серыя “Разведчыкі будучыні” (1960); “Людзі калгаснай працы” (1962); “Вартаўнікі Радзімы” (1964); “Па спартыўных мясцінах г. Мінска” (1971).

Заслугі мастака адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі – Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР, медалямі “За оборону Москвы”, “За доблестный труд в Великой Отечественной войне”, “За трудовое отличие”. У 1967 г. Л. Лейтману прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”.

Памёр мастак 20 верасня 1974 г., пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.

Фрына (Фрума) Львоўна Лейтман нарадзілася 14 лістапада 1921 г. у г. Гарадок Віцебскай вобласці ў сям'і мастака.

З 1939 па 1946 г. вучылася ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР на факультэце гісторыі і тэорыі мастацтваў у М. Дабраклонскага, А. Чагадаева, Н. Флітнер.

Усё сваё жыццё Ф. Лейтман прысвяціла педагагічнай дзейнасці. З 1947 да 1977 г. выкладала ў Мінскай мастацкай вучэльні імя А. К. Глебава, з 1951 да 1953 г. – у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.

Фрына Лейтман апублікавала шэраг артыкулаў і рэцэнзій у газетах “Літаратура і мастацтва”, “Знамя юности”, “Мінская праўда”, часопісах “Беларусь”, “Работніца і сялянка”: “Шлях да стварэння гераічных вобразаў” (1947), “Бліжэй да жыцця” (1948), “Аб адчуванні новага”, “Вобраз роднай прыроды” (1954), “Думкі пра жывапіс” (1956) і інш. Пяру Ф. Лейтман належыць таксама манаграфія пра мастака Уладзіміра Кудрэвіча (1958).

Памерла Фрына Лейтман у 1985 г.

"Лагойскі тракт". Папера, акварэль. 1944 г.
"Лагойскі тракт зімой". Палатно, алей. 1944 г.
"Летам на ўскраіне". Папера, акварэль, гуаш, 1945 г.
"Адліга". Кардон, алей. 1945 г.
"Змярканне". Папера, акварэль, гуаш. 1946 г.
"Мінскі пейзаж". Папера, акварэль. 1953 г.
"Дарога сярод поля". Папера, акварэль. 1953 г.
"У парку". Папера, акварэль. 1957 г.
"На прыпынку". Папера, акварэль, фламастар. 1957 г.
"Залатыя бярозкі". Папера, акварэль, фламастар. 1959 г.
"Лета". Папера, акварэль, 1959 г.
"На прыпынку". Папера, акварэль. 1959 г.
"Змярканне". Папера, акварэль. 1968 г.
"На заводзе". Папера, гуаш. 1948 г.
"Сход у цэху". Папера, гуаш, пастэль. 1948 г.
"Нарада ў цэху". Папера, гуаш. 1948 г.
"Цэх". Папера, гуаш. 1948 г.
"Электразваршчык Антонік". Папера, гуаш. 1948 г.
Партрэт салдата. Папера, акварэль, фламастар
"Накід". Папера, фламастар. 1953 г.
"Малюнак да партрэта". Папера, аловак. 1963 г.
"Настаўніца". Папера, акварэль. 1968 г.
"Эцюд пра эцюд". Фота В. Дончына. 1950-я гг.
Вокладка нататніка Льва Лейтмана
Л. Лейтман. Верш "Окурки". Аўтограф. 1950-я гг.
Фрына Львоўна Лейтман. 1972 г.
Фрына Лейтман. 1950 - 1951 гг.
Фрына Лейтман. Артыкул "Элегія" ("У імя жыцця"). Фрагмент рукапісу. 1965 г.
Фрына Лейтман. Артыкул "Картина "Кастусь Калиновский". Фрагмент рукапісу. 1959 - 1960 гг.
Фрына Лейтман. Успаміны "Ленінградскія эцюды". Фрагмент рукапісу з аўтарскімі застаўкамі. 1976 г.
Фрына Львоўна Лейтман чытае лекцыю. 1967 - 1968 гг.