Выстава да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі

Віртуальная выстава да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі

Сёння спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння адной з самых вядомых жанчын Беларусі – нашай слаўнай Цёткі – Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч, паэткі, празаіка, публіцыста, вялікай асветніцы. Імя Цёткі стала сімвалам беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Час, у якім жыла Алаіза Сцяпанаўна, не спрыяў творчым памкненням, але ён жа і падказваў сюжэты, патрабаваў адпаведнай паэтычнай інтанацыі. І яе вольналюбівыя вершы станавіліся рэвалюцыйнымі гімнамі, якія “скрыпка беларуская” грала па-народнаму шчыра і натхнёна. Пры жыцці Цёткі не пісаліся кнігі пра яе, пра яе творчасць, нават яе кароткая біяграфія была мала каму вядома. І першыя біяграфічныя звесткі пра Цётку – Алаізу Пашкевіч з’явіліся ў газеце “Гоман” за 15 лютага 1916 г. у некралогу “Алойзія Пашкевіч-Кайрысова”, які пачынаўся словамі: “Яе жыццё – то была безупынная праца для свайго народу”. У развітальным артыкуле асвячалася жыццё і дзейнасць Цёткі, ацэньвалася яе роля ў грамадска-культурным жыцці. Але гэты артыкул не быў пазбаўлены некаторых фактычных памылак яе біяграфіі, якія пасля паўтараліся многімі аўтарамі прац пра Цётку. Упершыню падрабязна пра сям’ю і дзяцінства Алаізы Пашкевіч расказала Марыя Мілючанка ў рэфераце “Грамадская і літаратурная дзейнасць Цёткі”, прачытаны ў Вільні ў 20-я ўгодкі смерці паэткі і пазней апублікаваны асобным выданнем. Праз дваццаць год, у 1956 г., пабачыў свет асобнай кнігай крытыка-біяграфічны нарыс Лідзіі Арабей “Цётка (Алаіза Пашкевіч)”. Гэта кніга стане першым падрабязным даследаваннем яе жыцця. Аўтар нарыса пайшла шляхам архіўных пошукаў, выявіўшы найперш у сховішчах Вільні біяграфічныя дакументы Алаізы Пашкевіч, у Дзяржаўным гістарычным архіве ў г. Гродна метрычную кнігу Васілішкаўскага касцёла з запісамі аб вянчанні 23 мая 1865 г. бацькоў Алаізы і хрышчэнні іх дзяцей. Важна адзначыць, што даследчыца надала асаблівае значэнне асабістым сустрэчам з тымі, хто памятаў і ведаў Алаізу Пашкевіч і зрабіла многа цікавых запісаў.

Амаль адначасова, у 1954 г., з’явіліся ўспаміны Сцяпонаса Кайрыса – мужа Цёткі. Варта згадаць і тое, што на ліст-просьбу Міхася Клімковіча ў 1946 г. Іларыён Свянціцкі адгукнуўся ўспамінамі пра яе жыццё ў Львове. Тэму “І.Свянціцкі і Цётка” у свой час даследавалі В. Рагойша і Т. Кабржыцкая і ўнеслі многа ўдакладненняў у яе біяграфію. У БДАМЛМ дакументы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў колькасці 266 адзінак захоўвання, у тым ліку дакументы Цёткі, паступілі ў пачатку 1960-х гадоў з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы па распараджэнні Архіўнага ўпраўлення Літоўскай ССР. Дарэчы, менавіта І. Свянціцкі расказаў гісторыю некаторых дакументаў Цёткі, якія захоўваліся ў музеі і ў 1960-я паступілі ў сучасны БДАМЛМ: “Яе асабістыя ўніверсітэцкія паперы (індэкс, пасведчанне) былі выдадзены з абменных фондаў Нацыянальнага музея [у Львове] 19 мая 1931 года для Беларускага музея ў Вільні”.

Апошняе значнае паступленне дакументаў да біяграфіі Цёткі адбылося ў складзе архіва В.М.Коўтун (1946-2011) – паэтэсы, празаіка, драматурга, перакладчыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча, аўтара рамана пра Цётку “Крыж міласэрнасці” і шматлікіх артыкулаў пра яе. Выкарыстоўваючы ўсе гэтыя крыніцы згадаем жыццёвы шлях Алаізы Пашкевіч, якой яна была і якую спадчыну нам пакінула.

Алаіза Пашкевіч (Цётка) нарадзілася 3 (15) ліпеня 1876 г. у фальварку Пяшчына недалёка ад Ліды ў сям’і Сцяпана і Ганны (з дому Вызга) Пашкевічаў. Была ахрышчана ў Васілішкаўскім касцёле. Вельмі многа цікавага расказваюць пра гэту сям’ю дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў г. Гродна (Ф.263). У сям’і нарадзілася васьмёра дзяцей. Бацькам трэба было многа працаваць і старэйшых дзяцей Алаізу і Юзіка аддалі на выхаванне дзядам Пашкевічам. Так з трохгадовага ўзросту будучая пісьменніца жыла ў сваіх дзядоў у фальварку Тарэсін у пяці вёрстах ад бацькоўскага дому ў Старым Двары, які набыла сям’я ў хуткім часе пасля нараджэння Алаізы. Выхаваннем дяцей займалася бабуля Ганна. Была ў дзяцей і старэнькая нянька-чараўніца – бабка Югася. Калі Алаізе было дзевяць гадоў, памерла бабуля Ганна і дзяўчынка вярнулася да бацькоў.

У 1892 г. шаснаццацігадовую Алаізу разам з малодшым братам Юзікам, з якім разам гадавалася ў Тарэсіне, бацькі адпраўляюць у Вільню пад апеку старэйшай сястры Марыі. Марыя ўжо мела сваю сям’ю і магла прыняць сваіх малодшых брата і сястру, каб арганізаваць ім падрыхтоўку. Праз два гады прыватных урокаў, у 1894 г. Алаіза паступіла ў чацвёрты клас рускага прыватнага вучылішча Веры Міхайлаўны Прозаравай. Будучы па характары вельмі незалежнай, не жадаючы абцяжарваць сястру, старалася дзеля аплаты сваёй вучобы зарабляць самастойна. Заробак прыватнымі ўрокамі мела слабы, а таму часта галадала. Юльяна Вітан-Дубейкаўская ўспамінала: “Мая старшая сястра Жэня і я паступілі ў прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай, таму што ў казённую гімназію прыймалі дачок расейскіх чыноўнікаў, і каб папасці туды, трэба было мець пратэкцыю. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, затым яўрэйкі, былі і караімка, і татарка, і некалькі расеек… І беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшых класах разам з маёй сястрой вучылася Алойзія Пашкевіч… Яна была старэйшая за другіх дзяўчат у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Яна трымалася асобна ад другіх, была маламоўная, але з маёй сястрой яна зыйшлася бліжэй, бо сястра ёй памагала адрабляць лекцыі французкай і нямецкай мовы, якімі Ал. Пашкевіч слаба ўладала. Наогул аб сваім жыцці й сям’і Ал. Пашкевіч ніколі не гутарыла, сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці. Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох, Ал.Пашкевіч, вучаніца сёмай клясы, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што яна гэтак аслабела ад недаядання. Памятаю, мая сястра са сьлязьмі апавядала ў хаце, што Ал.Пашкевіч гэтак бедная, што на яду не хапае, але яна вельмі амбітная й ня хоча прыймаць помачы. Мая маці сказала тады мне: “Я буду даваць табе булкі на дваіх, а ты кладзі ў яе столік, калі яе няма ў клясе”. Мне гэта рабіла асаблівую прыемнасць – прыходзіць у клясу сястры і класці непрыкметна булкі ў пюпітр Ал.Пашкевіч. Яна спачатку пыталася ў клясе, хто гэта палажыў булкі ў ейны пюпітр, аднак віноўніца не адклікалася, і клясавая дама супакоіла яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі… Наша Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на бацькоўскім савеце парупілася каб Ал.Пашкевіч прызначылі стыпендыю… Яна кідалася ў вочы сваім бледным, паважным тварам, які не блістаў свежасцю і красой маладосці, але які сваімі сур’ёзнымі вачыма, трохі выступаючымі скуламі, тонкімі і зжатымі губамі, казаў аб сіле і цвёрдасці характару.”. Праз слабое здароўе і па патрабаванні дактароў Алаізе Пашкевіч прыйшлося на шостым класе гімназіі перапыніць вучобу і жыць некаторы час на вёсцы, дзе працавала настаўніцай. У 1899 г. Алаіза вяртаецца да вучобы ў гімназіі Прозаравай і паступае зноў у шосты клас. 5 чэрвеня 1901 г. Алаіза Пашкевіч атрымала пасведчанне аб сканчэнні вучылішча і зноў выехала на вёску. Праз год, 27 чэрвеня 1902 г., у названым пасведчанні з’явіўся запіс наступнага зместу: Поименованная в сем свидетельстве Алоиза Пашкевич выдержала в испытательном комитете при управлении Виленского учебного округа специальное испытание на звание домашней учительницы арифметики и получила из управления названного округа свидетельство на это звание.

А. Пашкевіч яшчэ два гады працавала настаўніцай у вёсцы і ў 1903 г. (па пераканаўчым доказе В.П. Рагойшы) скіравалася ў Пецярбург, каб паступіць на Курсы выхавацелек і кіраўніц фізічнай адукацыі П.Ф. Лесгафта (так курсы называліся, калі там вучылася Цётка). Ці скончыла Цётка курсы? Дакументальныя матэрыялы сведчаць, сцвярджае В.П. Рагойша, што Алаіза Пашкевіч курсаў не скончыла. Калі браць пад увагу звесткі дакументаў Дяржаўнага гістарычнага архіва Санкт-Пецярбурга (ДГА Сп-Б,Ф.139, воп.1, адз.зах. 8406 а, л.106; прозвішча А. Пашкевіч стаіць у спісе слухачак пад № 414), у 1904 г. яна павінна была прыступіць да слухання лекцый як першакурсніца. Гэты год быў для Алаізы вельмі насычаным, пра што сведчыць шэраг іншых архіўных дакументаў. Мара пра вучобу ва ўніверсітэце падштурхнула яе да актыўнай падрыхтоўкі і менавіта ў траўні-чэрвені 1904 г. у Пецярбургу яна вытрымлівае “спецыяльныя іспыты” (экстэрн) у Аляксандраўскай жаночай гімназіі з вельмі добрымі вынікамі і іспыт па лацінскай мове пры Першай гімназіі ў Пецярбургу. Разам з адпаведнымі пасведчаннямі Алаіза Сцяпанаўна атрымлівае права паступлення ва ўніверсітэт.

Але ў 1904 годзе Алаіза Пашкевіч вяртаецца ў Вільню і ўладкоўваецца на працу ў Віленскую акруговаую псіхіятрычную лякарню, якая знаходзілася ў Нова-Вілейцы.Фельчарка А. Пашкевіч упамінаецца ў абвінаваўчым акце па “Справе лекараў” у другой палове 1905 г. Згодна паказанням нейкіх Сцяпана Дзёміна і Соф’і Лістоўскай, Алаіза Пашкевіч прымала удзел у сходах “групоўкі, якія праходзілі на кватэры доктара Яўгенія Клевезела і студэнта-практыканта Гірша Падзельвера. На мітынгах, якія адбываліся ў лякарні, яна прамаўляла на беларускай мове, намаўляючы слухачоў да непадпарадкавання ўладам, нясплаты падаткаў і барацьбе супраць ураду… Яна яшчэ летам 1905 г. сабрала на могілках служачых лякарні і гаварыла прамовы, якімі рыхтавала іх да рэвалюцыйнай дзейнасці”. Згодна ж сведчанням Архіпа Пятрухіна, Сцяпана Дзёміна, Міхаіла Бояра і Антона Пузыркевіча, “друкавала на беларускай мове “поріцавшіе царя” пракламацыі і раздавала іх у лякарні”, пры гэтым сведка Пузыркевіч заявіў, што аднойчы бачыў у яе каля ста экзэмпляраў такіх пракламацый. Не абмяжоўваючыся агітацыяй у сценах лякарні, яна, згодна паказанням сведкі Івана Шамшура, “вандравала ў кампаніі з іншымі асобамі па навакольных вёсках, дзе падбухторвала сялян да звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу”. На ст. 39 Абвінаваўчага акту запісана: “З іх Яўгенія Янушэўская, Гіршон Падзельвер, Юлія Веман, Алаіза Пашкевіч, Таццяна Краінская, Пётр Крочак і Адольф Кармазін скрыліся і адшуканы не былі”.

Суд праходзіў у сакавіку 1906 г. Цётка ў гэты час ужо жыла ў эміграцыі ў Львове, але нелегальна наязджала ў Вільню і Пецярбург і нават стала адным з заснавальнікаў першай беларускай газеты “Наша доля”, дзе ў першым жа нумары быў надрукаваны яе верш “Наш палетак” і апавяданне “Прысяга над крывавымі разорамі”. У 1906 г. у Жоўкве бліз Львова выйшлі адзін за адным два зборнікі яе вершаў – “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду”, а ў Пецярбургу ў выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” яе “Першае чытанне для дзетак беларусаў”. У сваіх успамінах С.Кайрыс згадаў: “ранняй вясной 1907 г. па дарозе з Лондана я завярнуў у Закапанае. У Закапаным, у гуральскай хаціне, знайшоў хворую на лёгкія Цётку… Алёйза Пашкевічанка прабыла тады ў Закапаным ці не да канца 1907 г.”. Па ўспамінах І. Свянціцкага Цётка прыехала ў Львоў у лютым 1908 г. “Была яна па асабліваму разгубленая, неспакойная, у гутарцы пераскоквала з тэмы на тэму, ва ўсім выяўляла сваю нервовасць і нейкую неўраўнаважанасць”. Пасля ён даведаўся пра яе хваробу і пра тое, што яна лячылася кумысам недзе ў Кіргізіі. У тым жа годзе Цётка выехала ў Кракаў, дзе стала слухачкай гуманітарнага аддзялення Ягелонскага ўніверсітэта. А праз год зноў вярнулася ў Львоў. У Львове паступіла на філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта. Захавалася заліковая кніжка за 1912 г. - ці на латыні “index lectionum”, якая ўказвае на год яе вучобы, называе яе педагогаў і, што вельмі каштоўна, змяшчае фотаздымак Алаізы Кайрыс. У 1911 г. Алаіза Пашкевіч пабралася шлюбам з інжынерам Сцяпонасам Кайрысам, вядомым літоўскім палітыкам, узяла прозвішча мужа, што ў хуткім часе дазволіла ёй легальна вярнуцца на радзіму. Відавочна, што менавіта гэтая акалічнасць спыніла яе студыяванне ў Львоўскім універсітэце, а яе студэнцкая справа захоўвалася спачатку ва ўніверсітэцкім архіве, а пасля ў абменным фондзе Нацыянальнага музея, адкуль і была перададзена ў Беларускі музей у Вільні.

Пра віленскі перыяд жыцця Цёткі вельмі цікавыя згадкі пакінула ў сваіх успамінах “Сцежкі жыцця” Паўліна Мядзёлка: “Бывала я і на кватэры Цёткі, якая жыла ў лясным прадмесці Звярынцы разам са сваім мужам Кайрысам. Не зусім звычайная гэта была пара. Мне казалі, што іх шлюб спачатку быў толькі фіктыўным, на манер Соф'і Кавалеўскай, а праз нейкі час сталі жыць разам, але я не адважылася ў яе самой пра гэта спытаць. У мяне склалася ўражанне, што Цётка з'яўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. На стале, на паліцах — поўна кніг. Толькі ў гэтым пакоі яна нас прымала, сюды прыносіла і пачастунак, ніколі не запрашаючы ў другія пакоі кватэры. I толькі раз, выпадкова стыкнуўшыся ў калідоры з Кайрысам, Цётка пазнаёміла мяне са сваім мужам. Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыццём, не ўмешваючыся ў справы адзін аднаго. Іх ядналі хіба толькі рэвалюцыйныя справы. Кайрыс быў членам сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, Цётка — беларускай сацыялістычнай грамады.

Апраналася Цётка заўсёды ў просценькую чорную сукенку і такі ж чорны жакецік. Гаварыла крыху ў нос з чыста вясковай манерай і інтанацыяй. Не раз мне прыходзіла ў голаў нядобрая думка, што Цётка крыху рысуецца сваім сялянскім паходжаннем і зумысля напускае на сябе грубаватыя манеры і тон. Аднаго разу мы невялічкай грамадкай ішлі з Цёткай у «Беларускую хатку». Наперадзе ішла яе малодшая сястра і, не заўважыўшы дома, у двор якога нам трэ было завярнуць, мінула яго і пайшла далей. Цётка спынілася і на ўсю вуліцу загалёкала:

— Зюнька-а-а! Каб цябе ха-ле-ра, куды цябе панясло-о-о!

Ну, зусім як баба на вёсцы. А людзі на вуліцы спыняліся і здзіўлена азіраліся.

У рэдакцыі «Нашай нівы» я рэдка бачыла Цётку. Яна найбольш сябравала з Купалам і Бядулем, асабліва любіла свайго «Купалку», як ласкава называла Янку. На вечарах у «Беларускай хатцы» Цётка заўсёды была вясёлай, жартаўлівай, але танцавала рэдка, і то толькі з Купалам, і толькі польку, бо іншых танцаў Янка не ўмеў танцаваць і вучыцца не хацеў.

Першая сусветная вайна ў лёс Цёткі ўвайшла вялікімі асабістымі трагедыямі. А ў лютым 1916 г. абарвалася жыццё і самой Алаізы Сцяпанаўны. Пра той час яе муж С. Кайрыс успамінаў: “У студзені 1916 г. бацька памёр. Па атрыманні паведамлення мы выехалі ў Ліду на паховіны. Пасля пахавання старога Пашкевіча мы зімоваю дарогаю, коньмі, пры вялікім марозе паехалі на жончыну бацькаўшчыну. Яе сям’я была раскідана, апрача памерлага бацькі і двух братоў на вайне, адзін з якіх ужо загінуў, эвакуявалася ў Расею Цётчына маці і яе сястра Караліна. Стары Двор апусцеў, у ім засталася толькі старэйшая сястра Стэфанія. Жонка засталася на некаторы час на бацькаўшчыне. Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо колькі дзён, хворая на той жа тыфус. Папрошаны з Васілішак лекар-немец мала ведаў пра тыфус, не памог нічога…Алёйза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 году пад роднаю страхою, не прыходзячы да памяці”.

Творчая спадчына Цёткі, яе вобраз і грамадская дзейнасць паслужылі натхненнем для многіх дзеячаў літаратуры і мастацтва. Да асобы пісьменніцы ў сваіх творах звярталіся: празаікі Лідзія Арабей і Валянціна Коўтун; мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, Леанід Шчамялёў і Нінэль Шчасная; скульптары Святлана Гарбунова і Андрэй Заспіцкі; кампазітары Ігар Лучанок, Юрый Семяняка, Дзмітрый Смольскі і іншыя дзеячы культуры. Помнікі Цётцы пастаўлены ў гарадскім пасёлку Астрына і вёсцы Шастакоўцы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Шэраг культурных устаноў і вуліц у розных гарадах носяць імя Алаізы Пашкевіч.

15 ліпеня 2021 г.

Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі
Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі