Збіраўся скарб...

Віртуальная выстава да 60-годдзя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва

З літар складаецца слова. Слова піша чалавек. Напісанае чалавекам слова праз сотні і тысячы год можа загучаць вялікай сілай. Чалавек гаворыць слова, яно прагучыць і сціхне. Хто яго не чуў – ніколі больш не пачуе. Хто чуў – можа забыць. Напісанае слова гучыць заўсёды, па-свойму, але гучыць. Яно плыве, яно даносіць свой сэнс праз час, праз ход часу”. Гэтыя радкі належаць выдатнаму беларускаму пісьменніку Кузьме Чорнаму, які добра разумеў, што для таго, каб слова “даносіла свой сэнс праз час”, патрэбны кнігі, рукапісы, лісты, дакументы. Ён і сам пакінуў для нас багатую спадчыну, у якой “праз ход часу” застаюцца жывымі героі і падзеі яго эпохі. Грамадства, жадаючы захаваць напісанае “на сотні і тысячы год”, будуе архівы і бібліятэкі. Так было і так будзе. З высакароднай мэтай захаваць унікальныя скарбы нашай літаратуры, мовы, культуры і быў створаны 9 чэрвеня 1960 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Задума была своечасовая і вельмі прагрэсіўная. Сёння, калі за плячыма ўжо 60 гадоў руплівай працы, з гонарам можна сказаць: Беларусь мае найкаштоўнейшую скарбніцу рукапісных помнікаў і дакументальных крыніц па гісторыі нацыянальнай літаратуры і мастацтва. З вялікай удзячнасцю ўсім, хто перадаў асабістыя архівы, хто працаваў над іх упарадкаваннем, адкрыем некаторыя таямніцы гісторыі фондаў.

25 кастрычніка 1960 г. адбылося першае пасяджэнне закупачнай камісіі толькі што створанага Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва (першапачатковая назва ўстановы). Да ўдзелу ў яе працы былі запрошаны спецыялісты-архівісты, а таксама прадстаўнік Саюза пісьменнікаў БССР, літаратурны работнік рэдакцыі газеты “Гродзенская праўда” Васіль Быкаў. Разглядалася пытанне пра набыццё літаратурнай спадчыны беларускага паэта Міхася Васілька. У знак згоды з рашэннем камісіі ўсе ўдзельнікі паставілі пад пратаколам свае подпісы. Пакінуў аўтограф і Васіль Быкаў. Так да факта набыцця архіўнай спадчыны М. Васілька меў самае непасрэднае дачыненне вядомы ва ўсім свеце народны пісьменнік Беларусі.

Фонду М. Васілька быў прысвоены па чарговасці паступлення № 2. Першым жа стаў фонд другога заходнебеларускага паэта – Міхася Машары. Яго паступленне адбылося яшчэ ў красавіку 1960 г., у час арганізацыйных мерапрыемстваў па стварэнні літаратурнага архіва. Гэта пацвярджае факт, што стваральнікі архіва паралельна з падрыхтоўкай арганізацыйных дакументаў займаліся і пытаннямі камплектавання.

За 60 гадоў свайго існавання БДАМЛМ стаў адным з найбуйнейшых сховішчаў дакументальных крыніц па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі Беларусі. Налічвае звыш 520 фондаў і калекцый, створаных на аснове асабістых архіваў дзеячаў літаратуры і мастацтва, а таксама дакументаў творчых саюзаў, выдавецтваў, тэатраў, рэдакцый часопісаў і газет, Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні, кінастудыі “Беларусьфільм”, Белдзяржфілармоніі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і інш.

Адну з самых каштоўных частак Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь складаюць асабістыя архівы пісьменнікаў А. Адамовіча, Р. Барадуліна, Я. Брыля, К. Буйло, Г. Бураўкіна, В. Быкава, К. Каганца, У. Караткевіча, А. Куляшова, Я. Купалы, Я. Коласа, Е. Лось, М. Лынькова, І. Мележа, А. Петрашкевіча, М. Танка, І. Шамякіна і многіх іншых.

Кожны з гэтых фондаў самадастатковы ў раскрыцці творчай гісторыі, жыцця і дзейнасці іх утваральнікаў. І няма больш надзейных і запатрабаваных крыніц для вывучэння гісторыі тэкстаў пры ўкладанні збораў твораў, складанні летапісаў жыцця і творчасці пісьменнікаў, чым архіўныя крыніцы. Больш за тое, сабраныя разам у адным сховішчы, архіўныя фонды, хоць і абасобленыя па намінальнай прыкмеце, усё ж складаюць агульны кантэкст. Кожны з іх з’яўляецца выразнікам грамадска-культурных працэсаў сваёй эпохі. Супадаючы ў часе існавання, яны ствараюць магчымасць вывучаць пэўныя этапы развіцця літаратуры, рэканструяваць падзеі, гісторыю творчых узаемаадносін і ўзаемаўплываў.

Выдатнай дакументальнай і рукапіснай спадчынай у архіве-музеі прадстаўлена гісторыя беларускай літаратуры міжваеннай пары. Фонды літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, паэтаў Я. Пушчы, У. Дубоўкі, П. Труса, М. Чарота, А. Александровіча, літаратуразнаўцаў А. Бабарэкі, І. Барашкі, Я. Барычэўскага, празаікаў М. Гарэцкага, С. Баранавых, Я. Дылы, Ц. Гартнага і многіх іншых раскажуць пра іх творчыя пошукі, пра час і абставіны стварэння многіх літаратурных суполак, іх узаемадачыненні, пра дзяржаўную літаратурную палітыку, пра трагічныя эпізоды 1930-х гг. На лёсе гэтых архіваў адбіўся трагічны лёс іх гаспадароў, рана памерлых, расстраляных, высланых. Кожны з названых тут фондаў мае сваю гісторыю паступлення ў БДАМЛМ, часам незвычайную і ў кожным выпадку непаўторную.

Цікавую старонку дакументальнай спадчыны БДАМЛМ складаюць матэрыялы пісьменнікаў, што ў самым росквіце жыцця, на самым пачатку творчага шляху, выдаўшы толькі першыя кніжкі, загінулі ў полымі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта асабістыя архівы З. Астапенкі, І. Дзенісенкі, А. Жаўрука, А. Пруднікава, Б. Іофе, Г. Шведзіка, Л. Гаўрылава, А. Коршака, С. Ляльчука і інш. Архівы іх невялікія, многія нават не складаюць самастойных фондаў, але ў іх адбіліся ўся трагедыя вайны, лёс кожнага з літаратараў, няпросты лёс іх сем’яў: у лістах з фронту, у блакнотах і запісных кніжках, дзе паміж запісамі часта змешчаны мастацкія творы, у фотаздымках.

БДАМЛМ ужо некалькі дзесяцігоддзяў вядзе працу па пошуку дакументаў, якія ствараліся ў ваенны час. Многія з такіх дакументаў перадаюцца з архівамі тых, хто сам прайшоў франтавымі і партызанскімі дарогамі. Лісты з фронту, дзённікі, мастацкія творы захоўваюцца ў фондах М. Лобана, А. Куляшова, М. Лынькова, А. Алешкі, Я. Маўра, А. Карпюка, А. Русака, Г. Шчарбатава, І. Мележа, В. Гарбука і многіх іншых, чыя творчасць мела выдатны працяг у пасляваенны час.

Значную частку фондаў БДАМЛМ складаюць асабістыя фонды кампазітараў: А. Багатырова, Г. Вагнера, Я. Глебава, В. Залатарова, Ю. Семянякі; Я. Цікоцкага, М. Чуркіна; акцёраў і рэжысёраў: Г. Абуховіч, А. Кістава, А. Клімавай, Г. Макаравай, П. Малчанава, Б. Платонава, К. Саннікава, С. Станюты, У. Уладамірскага, Р. Янкоўскага; спевакоў: Л. Александроўскай, І. Балоціна, С. Друкер, М. Забэйды-Суміцкага, Р. Млодак; мастакоў і скульптараў: І. Ахрэмчыка, В. Волкава, А. Глебава А. Грубэ, А. Кашкурэвіча, А. Марыкса, С. Селіханава, А. Тычыны і многіх іншых.

Архіў-музей захоўвае рарытэты, датаваныя ХІХ – пачаткам ХХ ст. Гэта запісная кніжка бацькі пісьменніка і мастака К. Каганца за 1813-1864 гг. з аўтографамі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг.; “Беларускі архіў старажытных грамат”, падрыхтаваны І.Грыгаровічам, з яго прадмовай (Ч. 2, 1825); Царкоўны прыходскі летапіс Дукорскай Петрапаўлаўскай царквы (1886-1918); “Беларуская хрэстаматыя”, падрыхтаваная Б. Эпімахам-Шыпілай у 1889-1931 гг.; рукапіснае выданне студэнтаў-народавольцаў Пецярбургскага універсітэта – часопіс “Гоман” (1884): этнаграфічныя запісы А. Гурыновіча і яго лісты маці (1890-1894); паштоўкі М. Багдановіча ў газету “Наша Ніва” (1909) і брату Льву (1914); аўтографы з калекцыі, сабранай А. Ельскім (ліст М. Кастамарава да А. Кіркору за 1888 г. і інш.); фотаздымкі М. Багдановіча, яго бацькоў і братоў (1892-1910); ліст М. Шагала з Парыжа Ю. Пэну [1927-1928]; лісты і фатаграфіі. М. Горкага; лісты да М. Ісакоўскага і А. Твардоўскага (1942-1969); лісты. Д. Шастаковіча (1968-1972); калекцыя фотаздымкаў Б. Шоў (1930-ыя) і інш.

У апошнія дзесяцігоддзі фонды архіва-музея актыўна папаўняюцца дакументамі дзеячаў беларускай культуры, якія жылі і жывуць у замежжы. Да ўвагі даследчыкаў фонды А. Алехніка (Аўстралія), Н. Арсенневай, Я. Запрудніка, В. і З. Кіпеляў (ЗША), С. Яновіча, Б. Белаказовіча, Ю. Туронка (Польшча), Я. Шведзюка (Вялікабрытанія), А. Кавалюк, А. Каўкі, І. Ласкова і інш. (Расія), В. Целеша (Латвія) і інш.

Музейны фонд архіва налічвае каля тысячы прадметаў, асноўную частку якога складаюць мемарыяльныя рэчы дзеячаў літаратуры, культуры, мастацтва. Асноўную частку музейных прадметаў складае калекцыя фалерыстыкі. У складзе музейнага фонду калекцыя тканін, якая прадстаўлена прадметамі народнай творчасці. Гэта абрусы, ручнікі і сурвэткі з мастацкай вышыўкай, выкананай жонкай М. Гарэцкага пісьменніцай Л. Чарняўскай, шоўкавы абрус і льняны ручнік, якія належалі К. Буйло, і інш. Захоўваецца таксама белы ільняны абрус, якім засцілаўся стол падчас урачыстых сустрэч стваральнікаў літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. З жывапісных работ найбольшую цікавасць прадстаўляюць працы мастакоў А. Кашкурэвіча, В. Волкава, А. Марыкса, Л. Лейтмана; карціна В. Целеша “Заміж пярсідскага ўзору…” (“М. Багдановіч у Вільні”), партрэт К. Буйло работы Я. Раманоўскага, “Пукса-возера” А. Бялецкага, карціна П. Зарэцкага “Домік Я. Янішчыц”, партрэт маці музыказнаўцы Ю. Дрэйзіна і інш. Скульптура прадстаўлена работамі А. Мірончыка, выкананымі па заказу архіва-музея: бюсты М. Агінскага, Ф. Багушэвіча, С. Буднага, Я. Драздовіча, Я. Коласа, Я. Купалы, І. Луцкевіча, С. Манюшкі, Ф. Скарыны. У калекцыі музычных інструментаў – цытра В. Яфімава, дырыжорская палачка М. Шнэйдэрмана, піяніна В. Скорабагатава. У калекцыю вырабаў з дрэва ўваходзяць шахматы А. Бабарэкі і М. Гарэцкага, скарбонкі, якія належалі сем’ям Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Канстанцыі Буйло. Калекцыя гадзіннікаў уключае насценны гадзіннік “Gustav Вескег” канца ХІХ ст., насценны гадзіннік К. Буйло, кішэнныя гадзіннікі А. Бабарэкі і Г. Прагіна. У калекцыі посуду маюцца блюды, кававарка, сталовыя прыборы сям’і М. Багдановіча, драўляныя лыжкі і талеркі з хахламской размалёўкай, якія належылі У. Дубоўку.

Сярод многіх унікальных кніг і выданняў, якія захоўвае архіў-музей – газеты “Наша доля”, “Наша ніва”, “Вольная Беларусь”, “Звон”; часопісы “Маладняк”, “Узвышша”; стараабрадная перадрукоўка Псалтыры 1645 г., выкананая ў 1849 г., восем выданняў (пачынаючы з 1898 г.) паэмы “Тарас на Парнасе”, першыя выданні твораў М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, кнігі В. Ластоўскага, Я. Лёсіка і многія іншыя.

Пачынаючы з 1999 г. архіў-музей праводзіць навуковыя канферэнцыі. З 2001 г. штогод ладзяцца традыцыйныя Узвышаўскія (прысвечаныя найперш літаратуры міжваеннага перыяду), з 2003 г. – архівазнаўчыя “Архіўныя чытанні”. Па выніках канферэнцый выдадзена 6 зборнікаў матэрыялаў.

БДАМЛМ рыхтуе і выдае дакументальныя зборнікі, археаграфічныя публікацыі, заснаваныя на матэрыялах асабістых фондаў дзеячаў літаратуры і мастацтва. За апошнія дзесяцігоддзі пабачылі свет каля 30 выданняў: збор твораў А. Бабарэкі ў 2-х тамах, выбраныя творы З. Верас, А. Наўроцкага, мемуары П. Мядзёлкі, анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы” і шмат іншых.

Архіў-музей стварае тэматычныя і персанальныя выставы да юбілеяў знакамітых дзеячаў літаратуры і мастацтва: пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, акцёраў, рэжысёраў; да юбілеяў знамянальных і важных падзей у гісторыі культуры Беларусі.

Тэма архіваў была, ёсць і будзе актуальнай. Як даследчыка, так і чытача будуць заўсёды зачароўваць аўтографы, здзіўляць гісторыі тэкстаў, фотаздымкі. Так будзе паўтарацца з пакалення ў пакаленне. Архівы ж заклікаюць быць своеасаблівым правадніком у часе, мастком паміж эпохамі. І ў гэтым іх высокае прызначэнне.

Прапануем вашай увазе выставу да 60-годдзя Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і запрашаем віртуальна далучыцца да святкавання нашага юбілею.

Пастанова Савета Міністраў Беларускай ССР ад 9 чэрвеня 1960 г. № 323 “Аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва БССР” (НАРБ)
  • Ф. 249
  • Воп. 5
  • Спр. 755. С. 60
Доктар медыцынскіх навук В.Брайцаў, першы дырэктар ЦДАЛМ БССР К.Жорава, кіраўнік аддзела камплектавання Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР Т.Трухіна. Май 1961 г.
Г. Сурмач - дырэктар БДАМЛМ у 1982-1993 гг.
Калектыў БДАМЛМ. 1980-я гг.
Калектыў БДАМЛМ. 2010 г.
Нататнік бацькі К.Каганца К.К.Кастравіцкага з гаспадарчымі запісамі і аўтографамі паўстанцаў 1863-1864 гг.: М.Радзевіча, А.Вайцяхоўскага, М.Дабравольскага, Б.Баравіка, Ц.Міцкевіча і інш. (БДАМЛМ)
  • Ф. 311
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 14. Лл. 29 адв – 30
Старонкі з альбома сям’і Багдановічаў. 1892-1911 гг. (БДАМЛМ)
  • Ф. 153
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 34. Лл. 10-17
Я.Колас. “Чую голас”. Верш. Аўтограф. 1943 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 9
  • Воп. 2
  • Адз. зах. 13. Л. 1
М.Танк. “Маці”. Верш. Аўтограф. 1944 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 259
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 390. Л. 42
Удзельнікі першага з’езда літаб’яднання “Маладняк”. 1925 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 26
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 112. Л. 1
Сябры літаб’яднання “Узвышша”: Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Дубоўка, К.Чорны, З.Бядуля, К.Крапіва, М.Лужанін, С.Дарожны, А.Адамовіч, Т.Кляшторны, У.Жылка, В.Шашалевіч, П.Глебка. [1927-1928 гг.]. (БДАМЛМ)
  • Ф. 407
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 223. Л. 1
В.Тураў у час здымак мастацкага фільма “Людзі на балоце” (к/с “Беларусьфільм”). [1981-1982 гг.]. (БДАМЛМ)
  • Ф. 442
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 73. Л. 5
С.Станюта ў ролі Дар’і ў мастацкім фільме рэжысёра Э.Клімава “Развітанне” (к/с “Масфільм”). 1981 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 283
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 48. Л. 3
П.Малчанаў у ролі Доктара ў спектаклі Тэатра імя Я.Купалы “Забыты ўсімі” па п’есе Н.Хікмета. 1958 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 292
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 24. Л. 19
Г.Макарава ў ролі Лушкі, З.Стома ў ролі Лявона ў спектаклі Тэатра імя Я.Купалы “Лявоніха на арбіце” па п’есе А.Макаёнка. 1961 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 443
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 8. Л. 3
П.Броўка, Я.Цікоцкі, М.Дзянісаў, Л.Александроўская, М.Шнейдэрман на рэпетыцыі спектакля “Алеся” ў Дзяржаўным тэатра оперы і балета БССР. 1944 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 316
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 111. Л. 6
Я.Цікоцкі. Партыя Алесі з оперы “Алеся”. Клавір. Аўтограф. 1944 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 316
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 2. Л. 6
А.Багатыроў. “Партызанка”. Песня на словы С.Шчыпачова. Аўтограф. 1942 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 316
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 46. Л. 1
М.Забэйда-Суміцкі ў ролі Ленскага ў спектаклі Познаньскага опернага тэатра “Яўгеній Анегін” П.Чайкоўскага паводле А.Пушкіна. 1936 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 293
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 123. Л. 6
Пісьмо М.Шагала да Ю.Пэна. Аўтограф. [1927 г.] (БДАМЛМ)
  • Ф. 382
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 40. Лл. 1 – 1 адв
С.Селіханаў. “Салдат у санбаце”. Партрэт невядомага. Папера, акварэль. 1945 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 173
  • Воп. 1
  • Адз. зах. 56. Л. 1
А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да спектакля БДТ-2 “Нашэсце” па п’есе Л.Лявонава. Папера, гуаш. 1943 г. (БДАМЛМ)
  • Ф. 118
  • Воп. 2.
  • Адз. зах. 11. Л. 1
Першая старонка аўтографа паэмы “Тастамент, або духоўніца” У.Жылкі, захаваны Я.Кіпелем пасля смерці паэта. Перададзены ў БДАМЛМ з Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у 2014 г.
Першыя старонкі аўтографа паэмы Янкі Купалы “Безназоўнае”. Перададзены ў БДАМЛМ з Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у 2014 г.
Рукапісны інфармацыйны лісток “Кнігапіс” (1946 г., №1), які распаўсюджваўся ў беларускіх лагерах для перамешчаных асобаў у Германіі
Канверт з маркамі беларускай пошты ў Лондане. 1971 г.
Калядныя віншавальныя паштоўкі, выдадзеныя ў Мюнхене ў 1955 г.
Рукапісныя кнігі, якія ствараў у беларускіх лагерах для перамешчаных асобаў у Германіі пісьменнік, журналіст і бібліяфіл М.Панькоў
Нож, знойдзены на папялішчы хаты Я.Купалы ў часе нямецкай акупацыі, які, паводле легенды, паэт скарыстаў у часе спробы самагубства. Перададзены ў БДАМЛМ з Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) у 2014 г.
Гадзіннік, падараваны Н.Арсенневай на вяселле Вітаўту і Зоры Кіпелям у 1956 г. Перададзены ў БДАМЛМ В.Кіпелем
Кішэнны гадзіннік крытыка, празаіка А.Бабарэкі (БДАМЛМ. Інв. № 469)
Шахматы крытыка, празаіка А.Бабарэкі (БДАМЛМ. Інв. № 467)
Цытра кампазітара В.Яфімава (БДАМЛМ. Інв. № 39)
В.Ластоўскі. “Гісторыя Беларускай (крыўскай) кнігі”. 1926 г. (БДАМЛМ. Інв. № 25208)
Blażiej Palma. “Skarb nieprzebrany abo Akty cnot wnętrzne”. Малітоўнік другой паловы XVIII ст. (БДАМЛМ. Інв. № 17477)
Псалтыр стараверная 1645 г. Перадрукоўка 1849 г. (БДАМЛМ. Інв. № 21900)
Псалтыр стараверная 1645 г. Перадрукоўка 1849 г. (БДАМЛМ. Інв. № 21900)
Зборнікі матэрыялаў навуковых канферэнцый Узвышаўскія і Архіўныя чытанні
Выданні БДАМЛМ
І Узвышаўскія чытанні, прысвечаныя 75-годдзю з часу заснавання літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. 26.05.2001 г.
Удзельнікі навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння М.Каспяровіча. 2000 г.
Удзельнікі XVI Архіўных чытанняў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння артысткі, педагога, мемуарысткі, заслужанага дзеяча культуры БССР П.Мядзёлкі. 04.10.2018 г.
Калектыў БДАМЛМ падчас сустрэчы з паэтам С.Грахоўскім. 1994 г.
Крытык, літаратуразнаўца М.Мушынскі, народны паэт Беларусі Н.Гілевіч і народны пісьменнік Беларусі Я.Брыль у БДАМЛМ на канферэнцыі, прысвечынай 100-годдзю з дня нараджэння А.Бабарэкі. 14-15.10.1999 г.
Навуковец М.Міцкевіч (сын Я.Коласа) і дырэктар БДАМЛМ Г.Запартыка на выставе акварэлей С.Гарадзецкага “Разбураны Мінск. 1945 г.”. 2004 г.
Калектыў БДАМЛМ з народнай артысткай СССР Т.Ніжнікавай. Адкрыццё выставы да 100-годдзя народнай артысткі БССР Р.Млодак. 2006 г.
Адкрыццё выставы да 100-годдзя драматурга К.Губарэвіча. 2007 г.
Адкрыццё выставы да 70-годдзя гісторыка, літаратуразнаўца А.Каўкі. 2007 г.
Літаратуразнаўца, гісторык А.Мальдзіс перадае дакументы са свайго асабістага архіва на захаванне ў БДАМЛМ. 2017 г.