...З ідэяй захаваць ад знішчэння...

Выстава да 100-годдзя Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі і Года гістарычнай памяці

З 7 кастрычніка 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва працуе выстава “…З ідэяй захаваць ад знішчэння…”, прымеркаваная да 100-годдзя Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі і Года гістарычнай памяці.

Нагадаем, што архіўная служба Беларусі вядзе адлік сваёй гісторыі з 12 верасня 1922 года, калі Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову “Аб зацвярджэнні Палажэння аб Цэнтральным архіве Беларусі і каштарысу на яго выдаткі”. Менавіта на Цэнтрархіў была ўскладзена вызначальная роля ў фарміраванні Дзяржаўнага архіўнага фонду. Пазней, у маі 1927 г., замест Цэнтрархіва былі створаны Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне (ЦАУ) БССР і сетка дзяржаўных архіваў, якія ў верасні 1938 г. былі перададзены ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў (НКУС) Беларусі.

Дзяржаўную архіўную службу на пачатку яе існавання ўзначалілі людзі, звязаныя як з гістарычнай навукай, так і літаратурай, філалогіяй, этнаграфіяй, мастацтвазнаўствам. Іх фонды і асобныя дакументы захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Зберагліся і пратаколы пасяджэнняў Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў (1924), чарнавыя матэрыялы працы над адным з першых зборнікаў, падрыхтаваных Цэнтрархівам БССР, – “Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 года” (1927).

Выстава распавядае якраз пра тых асобаў і тыя падзеі, што адбываліся на першых этапах станаўлення дзяржаўнай архіўнай службы. Назву экспазіцыі – “…З ідэяй захаваць ад знішчэння…” – дала цытата з выступлення Іларыя Барашкі перад удзельнікамі Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў 13 мая 1924 г.: “Нашае здароўе, і сіла, і рукі былі на другім плане. Мы працавалі, заўсёды носячыся ў сваіх думках з ідэяй, ідэяй захаваць ад знішчэння архівы, маючыя навуковую вартасць пры даследаванні Беларусі”. А склалі выставу фотаздымкі, фрагменты рукапісаў, асабістыя дакументы дзеячаў літаратуры і культуры, так ці інакш звязаных з беларускай архіўнай службай 1920–1930-х гг.

Зміцер Хведаравіч Жылуновіч [псеўданім Цішка Гартны; 23.10(04.11).1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер горад – 11.04.1937, г. Магілёў] вядомы не толькі як пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, але і як адзін з пачынальнікаў Дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі.

У студзені 1923 г. З. Жылуновіч быў празначаны загадчыкам Цэнтрархіва Беларусі. Знаходзіўся на гэтай пасадзе да красавіка 1929 г. Адначасова (з лістапада 1923 па чэрвень 1924 г.) узначальваў калегію Гістпарта ЦК (ЦБ) КП(б)Б, быў загадчыкам Дзяржвыдавецтва (1925–1928), намеснікам Наркамасветы БССР (1928–1929), старшынёй Галоўмастацтва. У 1925–1929 гг. абіраўся членам ЦВК БССР трох скліканняў; у 1928 г. у ліку першых абраны сапраўдным членам БАН.

Нягледзячы на вялікую занятасць, З. Жылуновіч знаходзіў час для кіраўніцтва архіўнай галіной. Як сведчаць справаводчыя дакументы, ён браў удзел ва ўсіх мерапрыемствах Цэнтрархіва, якія мелі навуковы ці арганізацыйны характар. Подпіс З. Жылуновіча маецца пад актам перадачы першых двух дзясяткаў архіўных фондаў пры змене кіраўніцтва Цэнтрархіва. З улікам гэтай сціплай архіўнай спадчыны ў далейшым З. Жылуновіч звярнуў перш за ўсё ўвагу на яе папаўненне і пашырэнне. З’яўляючыся кіраўніком не толькі Цэнтрархіва, але і Гістпарта, задачай якога было збіранне дакументаў і матэрыялаў па гісторыі рэвалюцыйнага руху, Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, З. Жылуновіч выкарыстоўваў “адміністратыўны рэсурс”, скіроўваў Гістпарт выдзяляць сваіх упаўнаважаных на месцах, ладзіць вечары ўспамінаў, наглядаць за архівамі. Дзякуючы гэтаму ўжо да канца 1923 г. Гістпартам была сабрана значная колькасць дакументаў за 1917–1920 гг., у тым ліку і Цэнтральнага бюро КП(б)Б, членам якога З. Жылуновіч быў у 1919 г. Для іх захоўвання па ініцыятыве З. Жылуновіча ў снежні 1923 г. у Цэнтрархіве Беларусі было арганізавана гісторыка-рэвалюцыйнае аддзяленне, якое ў 1924–1925 гг. папоўнілася дакументамі былых жандарскіх упраўленняў, а таксама адпаведнымі копіямі дакументаў, якія былі атрыманы з дзяржархіваў Масквы і Ленінграда.

Збор дакументаў Цішкі Гартнага (Змітра Жылуновіча) складае фонд № 15 у БДАМЛМ.

Міхась (Міхаіл Вінцэнтавіч) Мялешка [27.04(09.05)1892, в. Скары Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобл. – 04.1941, г. Самара] – гісторык, этнограф, архівіст, краязнавец, пісьменнік.

Нарадзіўся ў сям’і селяніна-рыбака. Пачатковую адукацыю атрымаў у Мядзелі, закончыў Віцебскае аддзяленне Маскоўскага Археалагічнага інстытута (1921). З 1911 г. жыў у Пецярбургу, працаваў на асбеставай і нітачнай фабрыках, фармацэўтычным заводзе, удзельнічаў у беларускім гуртку Браніслава Эпімаха-Шыпілы. З 1918 г. працаваў у Віцебскім аддзяленні Белнацкама, губернскім ваенкамаце. Чытаў курс лекцый па этнаграфіі ў Віцебскім педагагічным інстытуце (1923–1924), выкладаў гісторыю Беларусі ў КамВНУ (1926–1928), адначасова працаваў у Інбелкульце, пазней у Беларускай акадэміі навук.

З 1919 г. Міхась Мялешка працаваў у Віцебскім губернскім архіве, з лістапада 1922 г. – у Мінскім цэнтрархіве, з 1927 г. – у Цэнтральным архіўным упраўленні БССР; у 1929 г. прызначаны вучоным спецыялістам-архівістам ЦАУ БССР. Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў архіўнай справы ў Беларусі, вывучаў пытанні беларускай этнаграфіі і краязнаўства.

Творы розных жанраў друкаваў з 1913 г. у альманаху “Маладая Беларусь”, газетах “Наша Ніва”, “Дзянніца”, “Савецкая Беларусь”, часопісах “Вольны сцяг” і “Наш край”, навуковых этнаграфічных выданнях. Апублікаваў артыкулы “Нашы старажытнасці” (1921), “Цэнтрархіў ССР Беларусі” (1925), “Архіўная справа ў БССР да сучаснага моманту” (1926), “Беларускія архіўныя багацці” (1927), “Архівы БССР за 10 год Кастрычніка” (1927), “Краязнаўства і архівы Беларусі” (1927), “З. Жылуновіч як гісторык” (1928) і інш. На Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў (май 1924 г.) выступіў з дакладам “Стан архіваў Беларусі, рэарганізацыя”. Укладальнік кнігі “Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г. (1927).

У БДАМЛМ большасць дакументаў Міхася Мялешкі захоўваецца ў асабістым фондзе гісторыка, літаратуразнаўца і архівіста Віталя Скалабана (ф. 500), які займаўся пошукам і даследаваннем спадчыны свайго папярэдніка.

Ілары (Іларыён Мацвеевіч) Барашка [12(25).07.1905, г. Мінск – 03.06.1968, г. Масква] – празаік, кінадраматург, перакладчык, архівіст. Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Першае апавяданне апублікаваў у 1923 г. Аўтар кніг прозы “У прасторы” (1926), “Шлях змагання і перамог” (1928), “Камунары” (1931), “На розныя тэмы” (1931), “Блізкія далі” (1959). Асобнымі выданнямі ўбачылі свет аповесць “Рыгор Галота” (1929), казка “Залатыя арэхі” (1930), вершаваны нарыс “Асінстан” (1931), апавяданне “Газета Ганначкі Хаваначкі” (1932).

У архіўнай галіне працаваў з 1920 г. на пасадзе супрацоўніка па разборы і прывядзенні ў парадак мінскіх архіваў Архіўнай секцыі пададдзела аховы помнікаў мастацтва і старажытнасці. У 1921–1922 гг. займаў пасаду справавода ў Мінскай вучонай архіўнай камісіі Акадэмічнага цэнтра Наркамасветы БССР. 1 лютага 1922 г. прызначаны захавальнікам архіваў Беларусі. Дзякуючы яго энтузіязму і энергіі пазбеглі знішчэння шэраг архіўных фондаў устаноў былой Мінскай губерні і дакументы прыватных архіваў. Пасля стварэння Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення рэспублікі быў яго сакратаром. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Першай усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў (12–15 мая 1924 г.), выступаў на ёй ад імя маладых архівістаў рэспублікі. 1 лістапада 1924 г. пераведзены на пасаду сакратара рэдакцыі часопіса “Полымя”. У 1925–1927 гг. – рэдактар часопіса “Малады араты”, у 1927–1929 гг. – намеснік адказнага сакратара газеты “Чырвоная змена”, з 1929 г. – намеснік рэдактара часопіса “Маладняк”. Закончыў БДУ (1930). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934).

У 1932–1936 гг. Ілары Барашка працаваў рэдактарам на студыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе. У 1938 г. закончыў Кінаакадэмію і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР. У 1941–1944 гг. з’яўляўся палітработнікам Палітупраўлення Ціхаакіянскага, а потым Чарнаморскага флатоў. Пасля вайны быў дырэктарам-распарадчыкам Дзяржаўнага музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна, працаваў у Міністэрстве культуры СССР, Міністэрстве культуры РСФСР.

Асабісты фонд І. Барашкі ў БДАМЛМ (№ 28) налічвае 446 спраў.

Язэп (Восіп Лявонцьевіч) Дыла [02(14).04.1880, г. Слуцк Мінскай губ., цяпер Мінская вобл. – 07.04.1973, г. Саратаў] – празаік, драматург, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, адзін з тых, хто ў 1920-я гг. клапаціўся пра захаванне беларускай архіўнай спадчыны.

Паходзіў з сям’і паштовага службоўца. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі (1891–1900), Юр’еўскім (цяпер г. Тарту, Эстонія) ветэрынарным інстытуце (1900–1902), працаваў у рэдакцыі мінскай газеты “Северо-Западный край” (1903–1904), выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы (1906–1918). У 1905 г. узначальваў арганізацыйную групу Мінскага камітэта РСДРП. У студзені – лютым 1919 г. камісар працы ў Часовым рабоча-сялянскім урадзе Беларусі. Быў чальцом ЦВК БССР (1921–1924), старшынёй Цэнтрабелсаюза (1921–1923), старшынёй Дзяржаўнай планавай камісіі БССР (1923–1924), намеснікам старшыні Камісіі па раяніраванні БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва (1925–1927), дырэктарам БДТ-1 (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы), намеснікам загадчыка Белдзяржкіно па літаратурна-мастацкай частцы, інспектарам Наркамасветы БССР. З лістапада 1924 г. Я. Дыла з’яўляўся вучоным сакратаром, а пазней – загадчыкам секцыі па вывучэнні мастацтва Інбелкульта.

У 1930 г. Язэп Дыла быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе “Саюза вызвалення Беларусі” і ў 1931 г. сасланы ў г. Кунгур Пермскай вобласці. З 1932 г. жыў і працаваў у Саратаве, дзе і памёр, не дажыўшы тыдня да 93 гадоў.

Пачынаючы з 1912 г. Я. Дыла выступаў у друку з мастацкімі і публіцыстычнымі творамі, у тым ліку на гістарычную і архівазнаўчую тэматыку. У артыкуле “Скарбы творчасці Максіма Багдановіча” (1923) ён упершыню зрабіў агляд рукапіснай спадчыны паэта. Язэп Дыла браў удзел у Першай і Другой канферэнцыях архіўных работнікаў БССР, уздымаючы пытанне стварэння акруговых (раённых) архіваў у адпаведнасці з тэрытарыяльным падзелам Беларусі. “Няхай архівы стануць не могілкамі дакументаў, а [навуковымі] лабараторыямі”, – казаў ён.

 Асабісты фонд Я. Дылы ў БДАМЛМ (№ 53) налічвае 2 вопісы, 401 справу.

Павел Вікенцьевіч Лютаровіч (19.11.1907, мяст. Гарадное Столінскага раёна Брэсцкай вобл. – 19.10.1973, г. Мінск) – дзяржаўны і культурны дзеяч, мастацтвазнавец, гісторык, архівіст.

У 1915 г. з бацькамі пераехаў у г. Веліж Смаленскай вобласці. Закончыў сярэднюю школу (1924), педфак БДУ (1929). Працаваў у г. Горкі выкладчыкам грамадскіх навук, дырэктарам вячэрняй школы і 2-гадовых агульнаадукацыйных курсаў. Загадваў кафедрай і выкладаў палітэканомію ў інстытутах БССР (1931–1936). Закончыўшы ў Маскве паўгадавыя курсы кіроўных і навуковых работнікаў дзяржархіваў, у 1936–1938 гг. працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам, намеснікам дырэктара Дзяржархіва Віцебскай вобласці. У 1938–1941 гг. – намеснік дырэктара і выкладчык гісторыі Віцебскага педінстытута, лектар Віцебскага гаркама КП(б)Б. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у эвакуацыі, працаваў выкладчыкам гісторыі і дырэктарам сярэдняй школы ў Мардоўскай АССР. У 1943 г. пераехаў у Маскву і працаваў загадчыкам навучальнай часткі партыйна-савецкіх курсаў пры ЦК КП(б)Б на ст. Сходня Маскоўскай вобласці, з красавіка 1945 г. – кіраўніком лектарскай групы ЦК КП(б)Б.

Пасля вайны ўзначаліў Камітэт па справах культасветустаноў (з 1946 г. – мастацтваў) пры Савеце Міністраў БССР. Дэлегат Парыжскай мірнай канферэнцыі (1946), прадстаўнік ад БССР на кангрэсе ЮНЕСКА ў Гаазе (1954). Дэпутат ВС БССР (1949–1954). З сакавіка 1953 г. па красавік 1956 г. – намеснік міністра культуры БССР. З красавіка 1956 г. па лістапад 1961 г. дырэктар Дзяржаўнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. З лістапада 1961 г. па жнівень 1963 г. працаваў у апараце Міністэрства культуры БССР галоўным рэдактарам па вытворчасці фільмаў. Са жніўня 1963 г. па 1968 г. – дырэктар тэатра імя Янкі Купалы. З 16 красавіка 1969 г. – загадчык аддзела навуковага выкарыстання і інфармацыі Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР.

Павел Лютаровіч – аўтар кніг “Росквіт беларускага савецкага мастацтва” (1955), “Искусство Советской Белоруссии” (1959), навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў па мастацтвазнаўстве, тэатральнай культуры.

У БДАМЛМ захоўваецца асабісты фонд П. Лютаровіча (№ 298).

Першая Усебеларуская канферэнцыя архіўных работнікаў адбылася ў Мінску 12–15 траўня 1924 г. у сувязі з рэарганізацыяй архіўнай справы ў БССР. У мерапрыемстве ўдзельнічала каля 30 архівістаў, гісторыкаў, прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў Беларусі. Былі заслуханы і абмеркаваны даклады “Дзейнасць Цэнтрархіва РСФСР”, “Уплыў дагавораў РСФСР з адлучыўшыміся дзяржавамі (Польшчай, Літвой і Латвіяй) на стан беларускіх архіваў”, “Перагляд архіўнага заканадаўства БССР”, “Падрыхтоўка архіўных працаўнікоў” Уладзіміра Пічэты; “Стан архіўнай справы на Магілёўшчыне” Змітра Даўгялы; “Рэарганізацыя архіўнай справы на Беларусі” Міхася Мялешкі; “Архівы і архіўная справа на Віцебшчыне” Баляслава Брэжгі; “Мінскія архівы з даўнейшых часоў да пач. 20 ст.” Уладзіміра Краснянскага; “Стан архіўнай справы на Магілёўшчыне ў першыя гады рэвалюцыі 1918–1921 гг.” Ісака Сербава; “Справаводства і бягучыя архівы ў наркаматах і ўстановах Беларусі і спосабы палепшання іх па праграме НАП” Якава Ракава і інш.

Абмяркоўваліся таксама пытанні аб вывезеных архівах і аб іх вяртанні (паведамленне З. Жылуновіча), аб арганізацыі Цэнтрархіва СССР. Было прапанавана наладзіць больш цесную сувязь архіваў з дзяржаўнымі, навуковымі і грамадскімі ўстановамі. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі канферэнцыі звярнулі на недапушчэнне вывазу архіўных матэрыялаў за межы СССР (у Польшчу, Латвію, Літву), а таксама на неабходнасць вяртання на Беларусь тых матэрыялаў, якія былі вывезены з яе тэрыторыі ў дарэвалюцыйны час і ў час розных акупацый. Навукоўцы прынялі рэзалюцыю аб спыненні знішчэння архіўных матэрыялаў без дазволу Цэнтрархіва Беларусі. Акрамя таго, было прапанавана аднавіць выданне матэрыялаў па гісторыі Беларусі, асабліва перыяду ХІХ–ХХ ст.

Зборнік дакументаў і матэрыялаў канферэнцыі быў выдадзены ў 1999 г., укладальнік – кандыдат гістарычных навук Міхаіл Шумейка.

Другая канферэнцыя архіўных работнікаў БССР адбылася ў Мінску 19–24 снежня 1928 г. Прысутнічалі 23 дэлегаты (прадстаўнікі Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі, гістарычных архіваў Віцебска, Магілёва, Мінска, 6 акруговых архіўных аддзяленняў, Інстытута беларускай культуры, Беларускага дзяржаўнага музея, Цэнтральнага бюро краязнаўства). На каферэнцыі былі разгледжаны і абмеркаваны пытанні: дзейнасць і чарговыя задачы Цэнтральнага архіва БССР (М. Мялешка), Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі на пачатку існавання (Г. Баброўскі), гістарычных архіваў (Э. Лейланд, Віцебск; І. Гаранін, Магілёў; М. Вахаеў, Мінск), акруговых архіваў (П. Тараймовіч, Бабруйск; І. Калодкін, Мазыр; Я. Макась, Мінск; П. Вашкевіч, Орша; Я. Дадон, Полацк), узаемадзеянне з архівамі дзейных устаноў (Г. Баброўскі), правядзенне ў жыццё пастановы ЦВК і СНК БССР “Пра адзіны дзяржаўны фонд БССР) (М. Вахаеў) і інш. Адзначалася, што за час пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў (1924) у рэспубліцы створана сетка дзяржаўных архіўных устаноў, вернуты дакументы з Расіі. Удзельнікі канферэнцыі ўхвалілі рэзалюцыю архіўнай справы (наданне дзяржаўным архівам права кантраляваць працу архіваў устаноў, стварэнне сеткі дзяржаўнай архіўнай службы), падвялі вынікі працы архіўных устаноў, вызначылі перспектывы (стварэнне раённых дзяржархіваў, арганізацыя справаводства), стварэнне друкаванага органа архівістаў і інш.

“Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.” – кніга, выдадзеная Інстытутам Беларускай Культуры ў 1927 г. Гэта адзін з найбольш значных археаграфічных зборнікаў, падрыхтаваных супрацоўнікамі Цэнтрархіва БССР. Асноўную ўкладальніцкую працу выканаў Міхась Мялешка, прадмову напісаў Зміцер Жылуновіч, гістарычныя ўступы зрабіў Іван Віткоўскі. Цікавасць і каштоўнасць зборніка былі станоўча ацэнены беларускай навуковай грамадскасцю. На выставе прадстаўлены ўнікальныя працоўныя матэрыялы падрыхтоўкі кнігі да друку. 

Фрагменты экспазіцыі выставы можна ўбачыць тут.