“Думка. Адкрытасць душы. Пачуццё…” (да 90-годдзя акцёра, народнага артыста Беларусі Юрыя Фёдаравіча Ступакова)

Для наведвання даступна дакументальная выстава “Думка. Адкрытасць душы. Пачуццё…”  да 90-годдзя акцёра, народнага артыста Беларусі Юрыя Фёдаравіча Ступакова (24.03.1934 – 24.10.1999).

Будучы акцёр нарадзіўся ў сям’і каваля (в. Рубцава, Маскоўская вобл.). Падчас вучобы ў рамеснай вучэльні (з 1948) браў удзел у пастаноўках гуртка мастацкай самадзейнасці, а таксама гуртка мастацкага слова пры ЦДК чыгуначнікаў г. Масквы. Удзельнічаў ва Усесаюзным конкурсе чытальнікаў твораў У. Маякоўскага (1953). Рэдкія дакументы, звязаныя з пачаткам творчай дзейнасці ў Ліпецкім абласным драматычным тэатры (др. пал. 1950-х  – пач. 1960-х) і Севастопальскім рускім драматычным тэатры імя А. Луначарскага (да 1968), як і нешматлікія сведчанні пра асабістае жыццё акцёра і яго сям’ю, экспануюцца ўпершыню.

Большая частка дакументаў, прадстаўленых на выставе, адлюстроўваюць мінскі перыяд творчасці вядомага акцёра Юрыя Ступакова, прысвечаны служэнню ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Экспануюцца архіўныя дакументы з фондаў як самога Юрыя Фёдаравіча (ф. 384: 42 справы, 76 дакументаў), так і яго сяброў, калег, сучаснікаў  (А. Саннікава, Р. Янкоўскага, А. Клімавай, П. Кармуніна, Л. Крука і інш.). Драматычныя і характарныя ролі Ю. Ступакова: старшына Васкоў (“А зоры тут ціхія…” Б. Васільева, 1971), Крыспен (“Адзіны нашчадак” Ж. Рэн’яра, 1974), Макдуф (“Макбет” У. Шэкспіра, 1974), Бос Фінлі (“Салодкагалосая птушка юнацтва” Т. Уільямса, 1976), Немец (“Вяртанне ў Хатынь” паводле А. Адамовіча, 1977), таварыш Пабеданосікаў (“Баня” У. Маякоўскага, 1977), Карніла (“Знак бяды” паводле В. Быкава, 1985), Іван Ільіч (“Ноч ангела” А. Розанава, 1987) і многія іншыя – былі з удзячнасцю прынятыя тэатральнай публікай.

Ю. Ф. Ступакоў здымаўся ў мастацкіх фільмах і серыялах. Найбольш значныя кінаролі Юрыя Ступакова – Камандзір (“Зімародак”, Беларусьфільм, 1972), генерал-маёр Віхраў (серыял “Дзяржаўная мяжа”, Беларусьфільм, 1982–1986), Ціхаміраў (галоўная роля, “Культпаход у тэатр”, Беларусьфільм, 1982), Рокатаў (міні-серыял “Мяжа магчымага”, Экран, 1984), Дзееў (галоўная роля, “Закон”, Мосфільм, 1989), повар Сцяпан (“Пракляты ўтульны дом”, Беларусьфільм, 1998).