17 сакавіка 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці літаратурна-мастацкай выставы «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага». Гэты праект стаў вынікам плённага супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і БДАМЛМ, што прымеркаваны да 95-годдзя з дня нараджэння знакамітага мастака-графіка Міхаіла Якаўлевіча Лісоўскага.
З уступным словам выступаіла дырэктар БДАМЛМ Алена Аляксандраўна Макаранка. Яна падкрэсліла важнасць захавання і папулярызацыі творчай спадчыны мастакоў і адзначыла ўнікальнасць калекцыі шаржаў, што захоўваецца ў фондах архіва-музея.
Больш падрабязна пра канцэпцыю выставы распавяла загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея літаратуры Ірына Расціславаўна Князева. Экспазіцыя пабудавана з дыялогу выяўленчага мастацтва і дакументальнай хронікі: побач з архіўнымі фотаздымкамі пісьменнікаў з фондаў літаратурнага музея прадстаўлены яркія і трапныя працы Міхаила Лісоўскага. М.Лісоўскі валодаў рэдкім талентам: вельмі выразна, вобразна і з добрым гумарам паказваць сваіх сучаснікаў – мастакоў, пісьменнікаў, музыкантаў. Дзякуючы сваім вастрыні, змястоўнасці і дакладнасці рыс яго партрэтныя шаржы не маюць сабе роўных і даўно сталі прыкметнай з’явай нацыянальнай культуры.
З багатых фондаў БДАМЛМ на выставе прадстаўлены арыгінальныя шаржы на выбітных майстроў слова. Сярод «герояў» графічных афарызмаў — Алесь Адамовіч, Міхась Лынькоў, Іван Шамякін, Васіль Вітка, Кандрат Крапіва, Артур Вольскі, Еўдакія Лось, Вера Вярба, Яўгенія Янішчыц, Васіль Быкаў, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў і многія іншыя. Кожны шарж суправаджаецца аўтарскім тэкстам, што дапамагае глыбей зразумець задуму мастака і характар кожнага персанажа.
Запрашаем усіх аматараў мастацтва і літаратуры наведаць выставу «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага», якая будзе працаваць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры па адрасе: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13 (Траецкае прадмесце).

