14.05.2026

БДАМЛМ на адкрыцці выставы «“Успомнілася пра Вас і захацелася напісаць…” (Адам Багдановіч і Максім Горкі)»

14 мая 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча, дзе адбылася прэзентацыя сумеснага беларуска-расійскага выставачнага праекта «“Успомнілася пра Вас і захацелася напісаць…” (Адам Багдановіч і Максім Горкі)». Адкрыццё выставы праходзіць падчас правядзення Дзён Ніжняга Ноўгарада ў Мінску, у рамках Міжнароднага культурна-асветніцкага фэстываля «Шлях сяброўства».

Адам Багдановіч і Максім Горкі пазнаёміліся ў 1896 годзе, пасля пераезду сям’і Багдановічаў на сталае жыхарства ў Ніжні Ноўгарад. Яны пасябравалі, а ў хуткім часе сталі сваякамі, калі Адам Ягоравіч абвянчаўся з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі М.Горкага. Сяброўства працягвалася шмат дзесяцігоддзяў. На выставе «“Успомнілася пра Вас і захацелася напісаць…” (Адам Багдановіч і Максім Горкі)» прадстаўлены каштоўныя матэрыалы з фондаў Дзяржаўнага музея А.М.Горкага, звязаныя з сям’ёй Багдановічаў, – фотаздымкі, лісты, аўтографы і машынапісы, якія раскрываюць невядомыя старонкі жыцця дзвух сем’яў. Таксама на выставе можна убачыць арыгінальныя матэрыалы з фондаў музея Максіма Багдановіча, якія рапавядаюць пра сяброскія зносіны паміж М.Горкім і А.Багдановічам.

Для спецыялістаў архіва-музея наведванне гэтай выставы – каштоўны вопыт у справе арганізацыі выставачных праектаў. Тэматыка выставы непасрэдна пераклікаецца з фондамі БДАМЛМ, дзе захоўваецца збор дакументаў сям’і Багдановічаў (фонд 153).  Удзел у падобных мерапрыемствах спрыяе умацаванню прафесійных сувязей паміж архівам і музеем.