З прывітальным словам да прысутных звярнулася дырэктар архіва-музея Алена Аляксандраўна Макаранка, падкрэсліўшы неацэнную значнасць спадчыны Уладзіміра Караткевіча для нацыянальнай культуры і важнасць яе захавання для будучых пакаленняў.
Прадставіла выставу вядучы архівіст БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон. Яна пазнаёміла прысутных з дакументамі, якія экспануюцца, сярод якіх як афіцыйныя дакументы (пратаколы, лісты, анкеты, якія рэгламентуюць і фіксуюць жыццё чалавека ў грамадстве), так і творчыя матэрыялы – унікальныя рукапісы вершаў і раманаў, лісты да калег, а таксама фатаграфіі Уладзіміра Караткевіча.
Куратар выставы акцэнтавала ўвагу работнікаў Міністэрства юстыцыі на ўнікальнасць асобы У.Караткевіча і праявы яе ў дакументальнай спадчыне: акуратны почырк, творчая манера звароту ў лістах да калег і сяброў, шматлікія малюнкі на палях, гумарыстычныя подпісы на фотаздымках і інш. Прадстаўленыя дакументы падсвятлялі шматграннасць творчай натуры пісьменніка і выклікалі цікавасць з боку публікі.

