Мастачка Аксана Аракчэева падрыхтавала да 100-годдзя свайго бацькі – вядомага беларускага мастака, педагога, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Уладзіміравіча Аракчэева – каляндар наступнага года, дзе прадстаўлены выявы яго вядомых карцін. У наступным, юбілейным для мастака, годзе нашчадкі Б.Аракчэева (тры дачкі і ўнукі) ініцыіравалі святочныя мерапрыемствы сумесна з рознымі культурнымі ўстановамі краіны, сярод якіх Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Нацыянальны мастацкі музей.
У 2026 годзе БДАМЛМ плануе прысвяціць 100-гадоваму юбілею Б.У.Аракчэева дакументальна-мастацкую выставу. Нашчадкі вядомага мастака і педагога выказалі згоду папоўніць фонды БДАМЛМ дакументамі з сямейнага архіва.