29.01.2025

Рэспубліканская акцыя «Архівы-школе» ў БДАМЛМ

29 студзеня 2025 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прайшла рэспубліканская акцыя «Архівы – школе». Для навучэнцаў 9-х класаў Беларускага музычнага каледжа праведзена аглядная экскурсія па архіве-музеі. 

 

Падчас экскурсіі будучыя музыкі прайшліся па будынку былога кляштара бернардзінцаў (Касцёл Святога Язэпа), звярнулі ўвагу на захаваныя дэкаратыўныя элементы і іншыя ўнікальныя гістарычныя артэфакты. 

Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Наталля Аляксандраўна Мізон распавяла пра асноўныя фонды і музейныя прадметы архіва-музея. Асаблівую ўвагу яна надала дзейнасці архівістаў, якія ажыццяўляюць работу па захаванні і перадачы спадчыны беларускай літаратуры і культуры будучым пакаленням. Навучэнцы даведаліся пра тое, чым БДАМЛМ адрозніваецца ад іншых архіўных устаноў краіны. 

Падчас экскурсіі па выставе «Беларусьфільм: для дзяцей і пра дзяцей» у чытальнай зале БДАМЛМ экскурсанты пазнаёміліся з дакументамі, якія асвятляюць багатую гісторыю беларускага дзіцячага кіно і дзейнасць кінастудыі, што пакінула яркі след у культурным жыцці краіны.