06.11.2025

Да Сусветнага дня навукі. Яўген Барычэўскі: развіццё літаратуразнаўства ў архіўных фондах БДАМЛМ

Інфармацыя падрыхтавана Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва ў адпаведнасці з рэалізацыяй сумеснага з Рэспублікай Татарстан праекта “Дзень у гісторыі”, мэтай якога з’яўляецца абмен дакументаў па знамянальным датам у гісторыі Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Татарстан.

 

10 лістапада грамадскасць адзначае Сусветны дзень навукі за мір і развіццё – дзень, які падкрэслівае важную ролю навукі ў грамадстве і неабходнасць прыцягнення шырокай публікі да дыскусій па актуальных навуковых праблемах. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) з гонарам захоўвае і прадстаўляе спадчыну выбітных вучоных, чыя дзейнасць стала фундаментам для развіцця беларускай навукі і культуры. Сярод такіх асоб – Яўген Іванавіч Барычэўскі (1883–1934), адзін з заснавальнікаў беларускага літаратуразнаўства, выдатны вучоны, лектар, педагог і перакладчык, чый асабісты фонд захоўваецца ў архіве-музеі.

Яўген Іванавіч Барычэўскі нарадзіўся ў Мінску ў 1883 годзе ў сям’і натарыуса. Ужо з юных гадоў ён дэманстраваў выключныя здольнасці і імкненне да ведаў. Скончыўшы Мінскую гімназію, у 1903 годзе паступіў у прэстыжны Берлінскі ўніверсітэт, што сведчыць аб шырыні яго навуковых інтарэсаў і жаданні атрымаць еўрапейскую адукацыю. Праз год, у 1904-м, Яўген Іванавіч перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта – аднаго з вядучых навучальных цэнтраў Расійскай імперыі, дзе ён паглыбіўся ў вывучэнне літаратуры і гісторыі.

Пасля заканчэння вучобы ў 1910 годзе, Барычэўскі быў пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскага звання, што з’яўлялася прызнаннем яго навуковага патэнцыялу. Да пераезду ў Мінск яго дзейнасць была шматграннай: ён займаўся навуковымі даследаваннямі, выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, актыўна публікаваў свае артыкулы і даследаванні ў газетах і часопісах. З 1918 па 1922 год Яўген Барычэўскі займаў адказныя пасады вучонага сакратара Галоўмузея РСФСР і сакратара музейнага аддзела Наркамасветы РСФСР, адначасова чытаючы лекцыі па філасофіі ў Маскоўскім і Петраградскім універсітэтах. Гэты перыяд сфарміраваў яго як шырока эрудыраванага вучонага, здольнага працаваць у розных галінах ведаў.

Вясной 1922 года Яўген Барычэўскі вяртаецца на радзіму, у Мінск, дзе яго дзейнасць набывае асаблівае значэнне для станаўлення беларускай навукі і культуры. Ён пачынае працаваць у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе выкладае рускую, антычную і замежную літаратуры, а таксама тэорыю літаратуры. У 1928 годзе ён атрымлівае званне прафесара.

Паралельна Барычэўскі працуе ў Мінскай цэнтральнай партыйнай школе (1924–1927), а пасля адкрыцця ў Мінску Вышэйшага педагагічнага інстытута яго запрашаюць на пасаду прафесара літаратурна-лінгвістычнага факультэта. Значную частку свайго часу Я.Барычэўскі прысвячае навукова-даследчай працы ў Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульт), а затым у Інстытуце літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. У гэты перыяд яго ўвага сканцэнтравана на даследаваннях у галіне агульнай паэтыкі, а таксама эстэтыкі новай беларускай літаратуры.

Яго артыкулы і даследаванні рэгулярна з’яўляюцца ў такіх значных выданнях, як “Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя рэвалюцыі”. Сярод яго найбольш цікавых прац – даследаванні “О природе эстетического суждения”, “Аб акадэмічным выданні твораў М.Багдановіча”, “20 гадоў беларускага друку”, “Беларуская літаратура ў асвятленні расійскіх энцыклапедый”.

Асаблівае месца ў навуковай спадчыне Яўгена Барычэўскага займаюць выдадзеныя ў 1927 годзе кнігі “Паэтыка літаратурных жанраў” і “Тэорыя санету”. Гэтыя працы вызначаюцца глыбінёй навуковага аналізу літаратурных з’яў і фактаў, выяўляюць багатую эрудыцыю аўтара. Менавіта ў іх упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве тэарэтычныя пытанні паэтыкі былі праілюстраваны прыкладамі з твораў айчынных класікаў: Францішка Багушэвіча і Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Міхася Чарота і многіх іншых пісьменнікаў.

Манаграфія “Паэтыка літаратурных жанраў” стала для Беларусі сапраўдным адкрыццём, пазнаёміўшы са станаўленнем найбольш важных жанравых форм эпасу, лірыкі, драмы. Яна падсумавала зробленае ў сусветнай літаратуры і заклала грунт для асэнсавання нацыянальнага літаратурнага працэсу. Асаблівае месца ў ёй займае характарыстыка песні – самага старажытнага віду народнай творчасці. Барычэўскі таксама напісаў шэраг артыкулаў для “Литературной энциклопедии”.

Як выкладчык, ён не толькі чытаў лекцыі, але і складаў праграмы для студэнтаў універсітэта па курсах рускай і замежнай літаратур. Для студэнтаў-завочнікаў падрыхтаваў падручнік “Паэтыка: курс для завочнага педфаку” (1929–1930). Яўген Барычэўскі з’яўляецца адным з першых бібліёграфаў у беларускім літаратуразнаўстве, ён прымаў удзел у падрыхтоўцы збору твораў Максіма Багдановіча (т. 1–2, 1927–1928).

Шырокая эрудыцыя Яўгена Барычэўскага не абмяжоўвалася толькі беларускай і рускай літаратурай. Ён актыўна даследаваў творчасць класікаў заходнееўрапейскай літаратуры, выдатна валодаў нямецкай, французскай, лацінскай, старажытнагрэчаскай і іншымі мовамі. Гэта дазваляла яму быць таленавітым перакладчыкам заходнееўрапейскай літаратуры. Яго пяру належаць артыкулы “Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны”, “Праблемы паэтыкі ў новай кнізе О. Вальцэля”, “Гётэ і яго Фаўст”, “Песні Беранжэ”, “Вершы Беранжэ ў кніжнай графіцы” і інш.

Да нашых дзён не страціла навуковай каштоўнасці складзеная Я. Барычэўскім анталогія “Мир искусства в образах поэзии”, выдадзеная ў Маскве ў 1922 годзе. Сярод яго перакладаў на беларускую мову асабліва вылучаюцца “Афарызмы” Гётэ, што сведчыць аб яго імкненні ўзбагаціць беларускую культуру лепшымі ўзорамі сусветнай думкі.

Дакументы Яўгена Іванавіча Барычэўскага паступілі ў БГАМЛМ у 1986 годзе ад яго дачкі Яўнікі Яўгеньеўны. Гэтае паступленне стала важным папаўненнем нашых фондаў. У выніку праведзенай навукова-тэхнічнай апрацоўкі фонду было сфарміравана 29 спраў, якія ахопліваюць шырокі храналагічны перыяд з 1890 па 1968 гады, і складзены вопіс №1.

Праца архівістаў ня толькі забяспечвае фізічную захаванасць унікальных матэрыялаў – рукапісаў, ліставання, навуковых прац, – але і робіць іх даступнымі для далейшых навуковых даследаванняў. Дзякуючы сістэматызацыі і апісанню, сучасныя і будучыя пакаленні вучоных, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў могуць вывучаць жыццё і творчасць Я.І.Барычэўскага, а таксама яго ўклад у развіццё беларускай літаратуры і навукі ў першай палове ХХ стагоддзя.

З інфармацыяй, падрыхтаванай Дзяржкамархівам Рэспублікі Татарстан у рамках праекта "Дзень у гісторыі" можна пазнаёміцца па спасылцы https://bdamlm.by/vystavy/virtualnyya-vystavy/item/4839-vsemirnyj-den-nauki-nasledie-doverie-i-budushchee

Галерэя малюнкаў