11.05.2026

Дыялогавая пляцоўка БДАМЛМ і філалагічнага факультэта БДУ, прысвечаная Дню Перамогі

8 мая 2026 года, напярэдадні вялікага свята Дня Перамогі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) сумесна з кіраўніцтвам і прафесарска-выкладчыцкім складам філалагічнага факультэта БДУ арганізавалі дыялогавую пляцоўку, прысвечаную 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 85-годдзю абароны Брэсцкай крэпасці.

У рамках дыялогавай пляцоўкі з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ Г.К.Чахоўскі і дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка.

А.А.Макаранка распавяла пра сетку дзяржаўных архіўных устаноў Беларусі і склад дакументаў фондаў па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што захоўваюцца ў іх. Асаблівую ўвагу яна надала новым паступленням дакументаў ваеннага перыяду ў БДАМЛМ.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Д.С.Самахвалаў правёў лекцыю для студэнтаў філалагічнага факультэта БДУ з дэманстрацыяй фільма “Крэпасць-герой”, падрыхтаванага Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, прэзентацыю віртуальнай выставы “Вайна прайшла скрозь іх сэрцы”, створанай на аснове дакументаў з архіўных фондаў БДАМЛМ.