18 сакавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася экскурсія для работнікаў сайта museums.by, арганізаваная супольна адміністрацыяй сайта і работнікамі БДАМЛМ.
Вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Дзмітрый Сяргеевіч Самахвалаў пазнаёміў экскурсантаў з гісторыяй будынка архіва-музея, які быў узведзены ў XVII ст. як бернардзінскі кляштар, але выкарыстоўваецца ў якасці архіва з 1872 года і пакуль з’яўляецца найстарэйшым спецыялізаваным сховішчам архіўных дакументаў у нашай краіне. Ён распавёў пра гісторыю архіва-музея і практычны сэнс зберажэння варыянтаў творчай спадчыны беларускіх культурных дзеячоў.
Загадчык аддзела архіваў арганізацый і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Марыя Іосіфаўна Пышынская падзялілася з экскурсантамі вопытам непасрэднага ўзаемадзеяння са знакамітымі фондаўтваральнікамі і працы з пераданымі імі дакументамі. Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Таццяна Аляксандраўна Анпілогава прадставіла чытальную залу БДАМЛМ, каталог і эўрыстычны патэнцыял архіва-музея.
Наведвальнікі выказалі шчырую падзяку за экскурсію і ўпэўненасць у яе карыснасці для абмену вопытам міжгаліновага ўзаемадзеяння для захавання і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

