26.04.2025

ПРЭС-РЭЛІЗ

8 мая 2025 года а 15-й гадзіне Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з адкрыццём літаратурна-дакументальнай выставы Я справай абраў сабе слова…, якая прысвечана жыццю і творчасці Навума Зіноўевіча Кісліка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны,  беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, журналіста, члена Саюза пісьменнікаў БССР,  якому 26 верасня 2025 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння.

Выстава Я справай абраў сабе слова… – гэта своеасаблівая даніна павагі пакаленню паэтаў-франтавікоў, для якіх першым жыццёвым іспытам стала Вялікая Айчынная вайна, для якіх тэма вайны стала галоўнай у творчасці. Ваенная лірыка Навума Кісліка далёка ад пераможна-штабнога стылю пісання. Выпрабаванне на трываласць – ключавая эмоцыя ў яго паэзіі, тэма вайны і міра, маральнай асновы чалавека – галоўная ў яго творчасці.

Экспазіцыю выставы склалі дакументы з фонду Н.З. Кісліка,  што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэта рукапісы вершаў, творчыя напрацоўкі, нататнікі з вершамі, рэцэнзіі, фатаграфіі з сябрамі, ліставанне з літаратарамі, калегамі, віншавальныя паштоўкі. Дадзеныя архіўныя матэрыялы распавядаюць аб няпростым жыццёвым і творчым шляху паэта-франтавіка. 

Выстава дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю Навума Зіноўевіча не толькі як паэта, але таксама з яго працай у якасці перакладчыка, таленавітага і глыбокага, які тонка адчувае сэнсавыя і лінгвістычныя асаблівасці мовы, дакладна перадае ўсе  адценні тэксту.

  На мерапрыемства запрашаем літартура- і мастацтвазнаўцаў і усіх, каго цікавіць літаратурная спадчына нашай краіны.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (5 паверх, кабінет № 4 БДАМЛМ).

Даведкі па тэлефоне: 316-47-81