17.11.2025

ПРЭС-РЭЛІЗ

26 лістапада 2025 года, у 15.00, у дзень 95-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – адной з самых яркіх постацей беларускай літаратуры – адбудзецца адкрыццё выставы “Рыцар чалавечага духу” з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Рамантычная акрыленасць, высокая мастацкая культура, патрыятычны пафас і гуманістычнае гучанне зрабілі творы Уладзіміра Караткевіча пазнавальнымі і прыцягальнымі як для яго сучаснікаў, так і для наступных пакаленняў. Узняўшы шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, ён шмат зрабіў для абуджэння гістарычнай памяці народа.

Уладзімір Сямёнавіч плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і сцэнарыст. Яго рукапісы, малюнкі, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі, ліставанне з сябрамі і мн. інш. у багатай колькасці захоўваюцца як у асабістым фондзе У. С. Караткевіча, так і ў іншых фондах пісьменнікаў, выдаўцоў, шматлікіх дзяржаўных арганізацый. На выставе “Рыцар чалавечага духу” дакументы нанова адкрываюць культавага пісьменніка, выдатнага паэта і мастака, арыгінальнага чалавека Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча.

Да адкрыцця выставы “Рыцар чалавечага духу” БДАМЛМ прымеркаваў круглы стол, куды запрошаны даследчыкі творчасці У. Караткевіча, выкладчыкі ВНУ, прыхільнікі творчасці пісьменніка.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ).

Даведкі па тэлефоне: 242 51 88