22.01.2026

«Песняры: малітва галасоў і сэрцаў». Работнікі БДАМЛМ на юбілейным вечары памяці Уладзіміра Мулявіна

21 студзеня 2026 года работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) прынялі ўдзел у юбілейным вечары, прысвечаным 85-годдзю з дня нараджэння выдатнага музыканта, кампазітара і аранжыроўшчыка, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Георгіевіча Мулявіна (1941-2003).

 

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Ключавой падзеяй вечара стала прэзентацыя абноўленага асветніцкага віртуальнага праекта «Песняры»: малітва галасоў і сэрцаў». Рэсурс, створаны годам раней да 55-годдзя легендарнага ансамбля, быў значна актуалізаваны і дапоўнены новымі ўнікальнымі матэрыяламі.

Сёння праект уключае ў сябе падрабязную інфармацыю пра гісторыю ансамбля з магчымасцю частковага праслухоўвання аўдыёзапісаў, матэрыялы аб сцэнічных касцюмах артыстаў, спісы крыніц аб ансамблі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі ў колькасці больш за 600 запісаў, поўныя тэксты артыкулаў сучасных даследчыкаў творчасці групы, «віртуальную энцыклапедыю» па ўвекавечанні памяці Уладзіміра Мулявіна і г. д.

Асаблівая ўвага на прэзентацыі была нададзена рабоце  па ўдасканаленні рэсурсу. БДАМЛМ выступае адным з партнёраў праекта. Разам з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, музеем У.Г. Мулявіна пры Белдзяржфілармоніі і Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, наш архіў-музей актыўна пасадзейнічаў напаўненню партала рэдкімі дакументамі, частка з якіх была прадстаўлена шырокай публіцы ўпершыню.

Юбілейны вечар выклікаў вялікую грамадскую цікавасць: зала Нацыянальнай бібліятэкі не змагла змясціць усіх жадаючых, сярод якіх былі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзь, калегі і прыхільнікі таленту вядомага «песняра». Вялікая колькасць наведвальнікаў яшчэ раз падкрэсліла статус Уладзіміра Мулявіна як сапраўды народнага артыста, чыя спадчына застаецца актуальнай і праз дзесяцігоддзі.

Падводзячы вынік сустрэчы, удзельнікі адзначылі, што падобныя міжархіўныя і міжмузейныя праекты з’яўляюцца важным інструментам захавання культурнага кода нацыі.